Віцябляніна перадумалі судзіць за "экстрэмізм", а потым перадумалі перадумваць

Віцябляніна будуць судзіць за падпіску на "экстрэмістаў" / pixabay.com

Кастрычніцкі суд Віцебска спыніў адміністрацыйную справу супраць віцябляніна, якога вінавацілі ў захоўванні "экстрэмісцкіх матэрыялаў" з мэтай распаўсюду.

Як пішуць "Народныя навіны Віцебска", на мужчыну склалі пратакол за падпіску на некалькі тэлеграм-каналаў і YouTube-канал. Суддзя спыніў справу праз недаказанасць. У матэрыялах справы не было даных, што ўладальнік смартфона знаёміў іншых з "экстрэмісцкімі матэрыяламі" ў месенджары Telegram, а доступ пабочных асобаў быў абмежаваны паролем.

Пратэст на гэтае рашэнне падаў першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці, і Віцебскі абласны суд падтрымаў яго. У абласным судзе звярнулі ўвагу, што "экстрэмісцкая прадукцыя" захоўвалася на асабістай YouTube-старонцы віцябляніна ў адкрытым доступе. Гэтую старонку прагледзелі 155 раз.

У выніку справу адправілі на новы разгляд — зноў у Кастрычніцкі суд Віцебска, але да новага суддзі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.