Вайна ва Украіне пагражае канчатковым расколам беларускага грамадства

Вайна ва Украіне пагражае канчатковым расколам беларускага грамадства

Як уплывае вайна ва Украіне на беларускае грамадства? Што зараз адбываецца з ідэнтычнасцю беларусаў? На гэтыя пытанні адказваюць беларускія сацыёлагі падчас дыскусіі на платформе “Банка ідэй”.

— Вайна на беларусаў не ўплывае ніяк. На беларусаў уплывае той медыйны канструкт, які прапануецца, — лічыць доктар сацыялагічных навук Андрэй Вардамацкі. — Вайна яшчэ пакуль што прыватная з'ява, можа, гэта і непрыемна гучыць для беларусаў. Значна больш моцныя рэакцыі цяпер назіраюцца ў эканамічнай сферы. Менавіта гэта беларусы адчуваюць.

Формула геапалітычнай свядомасці практычна любой краіны гучыць наступным чынам: вектар геапалітычнай свядомасці ў агульным і цэлым супадае з вектарам і аб'ёмам тавараабароту. Гэта вызначыць і беларускі геапалітычны кірунак. Для Беларусі будзе свой “план Маршала”. Ён вызначыць геапалітычныя арыентацыі эліт, звычайных грамадзян і асабліва тых, хто вагаецца.

2020 год ускалыхнуў “ціхае палітычнае балота” Беларусі, што адбілася на масавай палітызацыі грамадства, на яго падзяленні на сваіх і чужых. Вайна ва Украіне таксама нейкім чынам уплывае на вызначэнне беларусамі сваёй ідэнтычнасці?

— Можна гаварыць пра павелічэнне пэўных адрозненняў сярод людзей у беларускім грамадстве, — кажа незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў. — Часткай ідэнтычнасці, асабліва пасля 2020 года, з’яўляецца палітычная прыналежнасць. Але зараз такога расколу, што, маўляў, ёсць у нас беларусы і нейкія манкурты, “нацыянал-здраднікі”, такога збольшага ўсё ж няма. Нягледзячы нават на тое, што беларуская дзяржава нешта такое спрабавала трансляваць.

Вайна [ва Украіне] мае таксама пытанне цывілізацыйнага выбару: ці ты з Расіяй, ці з Еўропай. Гэты клін, які ўбіваюць у беларускую супольнасць, не становіцца меншым і мягчэйшым, сітуацыя пагаршаецца. Існуе пагроза сапраўднага расколу. Таму што для людзей становіцца амаль непрымальным жыць у адной краіне з тымі, хто падтрымлівае ці не падтрымліваюць той ці іншы пункт погляду.

Вайна ва Украіне пагражае канчатковым расколам беларускага грамадства
Праўладны мітынг у Мінску, 2020 год / Еўрарадыё

— Гэта працяг каштоўнаснага супрацьстаяння, добра бачна размежаванне грамадства, — падтрымлівае думку калегі экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў. — Пратэстовая частка грамадства, настроеная больш дэмакратычна, цалкам выказваецца, што гэта вайна. Пэўным чынам гэта можна разглядаць як працяг таго, што намецілася падчас беларускай рэвалюцыі. З другога боку, праўладны наратыў цалкам супадае з тым, як выбудавана палітычнае жыццё ў Расіі. Размежаванне паміж Еўропай і Расіяй цалкам было бачна і ў Беларусі. Тое, што адбываецца ва Украіне, толькі паскарае каштоўнаснае, светапогляднае несупаданне ў Беларусі.

Я б казаў, што ўсё ж такі зараз інфармацыйныя бурбалкі не такія шчыльныя. З аднаго боку беларусы ўцягнутыя ў беларускія і расійскія прапагандысцкія наратывы. Але ўсё роўна дыскусіі ёсць. Тут пытанне да людзей старэйшага ўзросту, якія слаба карыстаюцца інтэрнэтам. Але да іх дагрукаецца эканоміка, і яна ўжо грукае. Гэта бачна і па коштах, і па курсе долара. Некаторыя прафесійныя групы ўжо гэта адчуваюць вельмі балюча — прыгадаем тых жа дальнабойшчыкаў. Вайна даходзіць да беларусаў не праз зброю, а апасродкавана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі