Вы тут

"Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць": школьныя лагеры будуць працаваць

Хто хоча ў вясновы лагер? / Reuters

Нягледзячы на ​​"складаную эпідэміялагічную абстаноўку", на вясновых вакацыях з 30 сакавіка да 4 красавіка ў Беларусі будуць працаваць школьныя лагеры.

У тэлеграм-канале Мінадукацыі напісана, што яны будуць арганізаваны "з улікам усіх санітарна-прафілактычных мерапрыемстваў і рэкамендацый".

Калі ў бацькоў ёсць выбар: аддаваць ці не аддаваць дзіця ў вясновы лагер — то ў настаўнікаў выбару няма: давядзецца хадзіць.

— Мне напісала некалькі настаўнікаў, якія не хочуць працаваць у лагеры, таму што яны перажываюць за каранцін і перажываюць за тое, што ім даводзяць планы. Чаму настаўнік чарговы раз павінен ахвяраваць, рызыкаваць сваім здароўем у гэтай сітуацыі? — расказвае Еўрарадыё кіраўнік праекта "Народны падручнік" Сяргей Альшэўскі.Пры гэтым давайце яшчэ ўлічым, што каля 20% настаўнікаў — гэта людзі пенсійнага ўзросту. І сярэдні ўзрост [настаўнікаў у Беларусі] — гэта ўзрост, які ўжо трапляе ў групу рызыкі. А дзеці могуць пераносіць інфекцыю, хоць у іх няма сімптомаў.

Настаўнікі, якія не задзейнічаны ў лагеры, на час канікул просяць папрацаваць дыстанцыйна, не хадзіць у школу. Што супярэчыць тут здароваму сэнсу і гарантаванню бяспекі настаўнікаў, якія кантактуюць з дзецьмі?

Афіцыйна каранцін у Беларусі не абвешчаны. Школы працуюць у звычайным рэжыме — у тым ліку і на вакацыях. 

 

А як жа рэкамендацыі Мінздароўя?

Нядаўна Міністэрства аховы здароўя апублікавала "Рэкамендацыі па сацыяльным дыстанцыянаванні ў перыяд рэгістрацыі выпадкаў інфекцыі COVID-19". Там адкрытым тэкстам напісана:

"Устрымайцеся ад наведвання заняткаў у гуртках, спартыўных клубах, трэнажорных залах, нават з мінімальнай колькасцю ўдзельнікаў".

Таксама рэкамендуецца не выходзіць з дому для наведвання месцаў, наведванне якіх не з'яўляецца жыццёва важным. Падстаў для таго, каб не адпраўляць дзіця ў школьны лагер, цалкам дастаткова.

А вось настаўнікам не пашанцавала. Да выпадкаў, у якіх усё-ткі можна выходзіць з дому, адносіцца "неабходнасць наведвання месца работы".

Дзеці на здымках відэароліка МНС / фота ўпраўлення МНС па Новасібірскай вобласці

Дэзсродкаў хопіць на ўсіх

Еўрарадыё пацікавілася ў адміністрацыі некалькіх устаноў адукацыі, ці будуць працаваць школьныя лагеры на вакацыях. Кіраўніцтва школ не супраць, асноўным аргументам "за" з'яўляецца тое, што бацькам неабходна кудысьці ўладкаваць дзяцей на час вясновых вакацый.

У 185-й школе ахвотных аддаць дзяцей у школьны лагер пакуль што няшмат. Але яны ёсць.

— Мы ў такой сітуацыі першы раз. Ва ўсякім разе, заявы ў нас ёсць. У нас больш за тысячу дзяцей у школе, трыццаць чалавек пакуль напісалі заяву. Можа быць, будзе больш, — кажа дырэктар Галіна Юрцэвіч.

— Вы разумееце, ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Нам, установам адукацыі, аховы здароўя, што каранавірус, што не каранавірус, — аптымістычна настроена дырэктар школы №159 Іна Богдан.У нас дэзсродкі ўсе ёсць, у нас нават прыбіральшчыцы атрымліваюць даплату за тое, што яны працуюць з дэзсродкамі.

Яшчэ ў адной мінскай школе, нумар якой прадстаўнік адміністрацыі папрасіла не называць, лагер будзе арганізаваны ў абавязковым парадку: бо бацькі навучэнцаў працуюць. На пытанне пра тое, ці не лепш было б пакінуць школьнікаў па дамах, прадстаўнік школьнай адміністрацыі адказала так:

— Цяжка адказаць. У нас жа ў краіне не аб'яўлены каранцін. Калі Мінздароўя нам скажа, рэкамендуе дакладней, тады так.

 

Скрыншоты з сайтаў школ

Школьнікі не хварэюць?

23 сакавіка Мінздароўя пацвердзіла каранавірус у шасцікласніка з мінскай школы №212, пра якога мы пісалі на мінулым тыдні. Некаторыя бацькі (але не ўсе) пакідаюць дзяцей дома, не чакаючы каранціну. Еўрарадыё вядомыя выпадкі, калі ў мінскіх гімназіях на заняткі ходзяць па 5 чалавек з класа, у якім 25 навучэнцаў.

Не хадзіў у школу, напрыклад, сын міністра замежных спраў Уладзіміра Макея Арцём Палякоў. У сваім інстаграм-акаўнце ён расказаў, што сядзіць у "хатнім каранціне", таму што з ім вучыліся дзеці "бізнесмена з Італіі" — беларуса, які схаваў паездку ў Паўночную Італію, прывёз адтуль каранавірус і "сабраў" больш за 90 кантактаў першага ўзроўню.

Заява на "хатні каранцін" / t.me/minzdrav_BY

Па стане на раніцу 25 сакавіка ў Беларусі выяўлена 86 выпадкаў каранавіруснай інфекцыі. Вось як наша статыстыка выглядае на фоне іншых краін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.