Вадзім Жук: З-за белай формы англічан цяжка вызначыць, быў гол ці не

Еўрарадыё: Чаму суддзя не залічыў гол, які ўкраінцы забілі англічанам? Ці быў увогуле гол?

Вадзім Жук: Перадусім, мусім сказаць, што суддзі памыліліся ў вызначэнні палажэння “па-за гульнёй”. Калі пайшла доўгая перадача з левага краю, былі два ўкраінскія гульцы: адзін ў правільным становішчы, а другі — у афсайдзе. Суддзя не падняў сцяг, ён чакаў, хто возьме мяч. На жаль, мяч прыняў гулец, які быў у афсайдзе. Памочнік памыліўся, бо мусіў зафіксаваць “па-за гульнёй” у нападаючага.

Другі момант. Гэты гулец праходзіць і аддае мяч партнёру, які б’е па варотах. Казаць, быў гол ці не — вельмі спрэчна. Бо нават відэапаўтор не дае поўнага прадстаўлення моманту. Гол залічваецца ў выпадку, калі праекцыю апусціць уніз, і калі праекцыя кранаецца лініі варот, то мяч лічыцца “ў гульні”. Складанасць моманту ў тым, што мяч быў не на зямлі, а ўверсе. Калі б каціўся па траве, можна было б дакладна казаць.

Трэці момант. Зборная Англіі гуляла ў белай форме. Мяч таксама белы. Калі паказваюць паўтор, не бачна: гэта праекцыя мяча ці гэта гетры гульца, які таксама ва ўсім белым. Я не магу сказаць на 100 адсоткаў, што быў гол.

Еўрарадыё: Якія яшчэ памылкі суддзяў вы заўважылі падчас Еўра?

Вадзім Жук: Вельмі правільны гол забілі іспанцы, суддзі адпрацавалі кваліфікавана. Адзін гулец быў “па-за гульнёй”, а другі — у правільным становішчы. Але мяч прыняў гулец, які быў у правільным становішчы, а другі футбаліст не прымаў актыўнага ўдзелу ў гульні — далейшыя яго дзеянні адпадаюць. Пасля ён прыняў мяч, але на той момант ужо не быў у афсайдзе.

Судзейства без памылак не бывае. Але ў прынцыпе нармальнае судзейства. Памочнікі добра разбіраліся, мы бачылі шмат галоў, якія забіваліся на мяжы афсайда, у хуткасных атаках. У матчы адкрыцця Польшча-Грэцыя іспанец Карвальё, я лічу, няправільна выдаліў грэка. Першую картку за адзінаборства ў паветры паказаў яму амаль ні за што. Пасля паказаў другую, там, магчыма, былі нейкія падставы. Можна сказаць, што жоўтая картка, бо выходзілі на добрую прастору, але выдаленне гульца, вядома, было не зусім правільным.

Еўрарадыё: А ці часта ў беларускім чэмпіянаце здараюцца памылкі суддзяў, якія адбіваюцца на выніках матчаў?

Вадзім Жук: Таксама бываюць памылкі. Але не скажу, што гэтыя памылкі моцна ўплывалі б на гульню. Тым больш, што і гуляюць каманды не відовішчна, зусім просты футбол. Тым больш зараз глядзіш і бачыш, як адрозніваюцца нашы гульні ад матчаў чэмпіянату Еўропы.

Еўрарадыё: Чаму беларускіх арбітраў не запрашаюць на турніры накшталт Еўра-2012?

Вадзім Жук: Па-першае, мусіць быць суддзя сапраўды вельмі высокага ўзроўню. На жаль, у нас такіх няма. Калі браць мяне, то я прайшоў школу Савецкага саюза, першую, другую, вышэйшую лігу чэмпіянату СССР. А ў той час вышэйшая ліга была адной з наймацнейшых у Еўропе. І пасля выйшаў на міжнародны ўзровень. Гэта адно. А калі суддзі выходзяць на міжнародны ўзровень з нашага чэмпіянату, то, як правіла, выходзяць недзе на юнацкія спаборніцтвы, ранейшыя стадыі еўракубкаў. І на гэтым усё. У суддзі мусіць быць талент. Яго трэба развіваць.

Еўрарадыё: Ёсць яшчэ лайнсмэн Юры Дупанаў, які папрацаваў на прэстыжных спаборніцтвах.

Вадзім Жук: Дупанаў дапамагаў мне судзіць усе міжнародныя матчы, у тым ліку Лігу чэмпіёнаў, на чэмпіянаце Еўропы ў Англіі ў 1996-м годзе. Калі ад краіны няма галоўнага арбітра, то зараз і памочнікі са сваёй кваліфікацыяй нікуды не пойдуць. Цяпер брыгадны метад. Тады Дупанаву пашанцавала, яго далучылі да расійскай брыгады. Але, каб мы дабіліся поспеху, у першую чаргу патрэбны галоўны суддзя, якога на дадзены момант няма.

Еўрарадыё: А якія наступствы могуць быць для суддзі, які дапусціў грубую памылку?

Вадзім Жук: У правілах напісана: “Рашэнне суддзі з’яўляецца канчатковым”. Нават калі б паўтор паказаў, што суддзя памыліўся, ніхто б гэты вынік не адмяніў. Пасля гульні інспектар матча праводзіць кароткі аналіз, а на наступны дзень праглядаюць у запісе самыя цікавыя і самыя складаныя моманты. Калі суддзя атрымае нізкую адзнаку, пра гэта не будуць паведамляць у прэсе — так працуе УЕФА і ФІФА, не абвяшчае гэта, але суддзя проста далей не будзе судзіць. З'едзе першая частка суддзяў, і ў ёй турнір пакіне суддзя, які дапусціў памылку.

Еўрарадыё: Ці зменіць нешта ўвядзенне відэапаўтораў і электроннай сістэмы фіксацыі ўзяцця варот?

Вадзім Жук: Я быў праціўнікам увядзення двух дадатковых суддзяў. Але пасля чэмпіянату свету ў ПАР, калі мы пабачылі грубыя памылкі суддзяў, звязаныя з галамі, стала зразумела: трэба нешта рабіць. Футбол настолькі стаў хуткім, што часам арбітр праз фізічныя магчымасці не паспявае за падзеямі. Прыхільнік такога рашэння — прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні. ФІФА ідзе іншым шляхам. Ужо аб’яўлена, што на чэмпіянаце свету ў Бразіліі ў 2014 годзе будзе выкарыстоўвацца відэасістэма, дзе з дапамогай электронікі будзе вызначацца, перасёк мяч лінію варот ці не. Я думаю, у такім выпадку два дадатковыя суддзі самі па сабе адпадуць.

Еўрарадыё: Не так даўно ў Беларусі быў адкрыты вучэбны цэнтр для суддзяў. Ці ёсць ужо нейкія вынікі яго працы?

Вадзім Жук: Сабралі 110 чалавек з усёй рэспублікі. Першы год быў прысвечаны тэорыі. Усе, хто здадуць тэарэтычны экзамен, будуць здаваць фізпадрыхтоўку. Казаць пра перспектыву рана, бо сярод іх шмат людзей, якія ніколі не гулялі ў футбол. Падчас другога года будзе больш практычных заняткаў. Калі са 110 чалавек трапіць у чэмпіянат Беларусі 6 ці 8 арбітраў — гэта будзе добра. Бо адчуваецца недахоп канкурэнцыі сярод суддзяў у айчынным чэмпіянаце. Судзяць найлепшыя, а канкурэнцыі для іх няма. Таму наша задача — рыхтаваць, але для гэтага патрэбны час. За год суддзю не падрыхтуеш. Патрэбна мінімум 5-6 гадоў.

Фота: euro2012.atn.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі