Вадзім Іосуб: Гаворкі пра рэверансы ў бок МВФ не ідзе

Аляксандр Лукашэнка і колішні кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч любуюцца залатым запасам Беларусі. Фота: kyky.org.
Аляксандр Лукашэнка і колішні кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч любуюцца залатым запасам Беларусі. Фота: kyky.org.

1 ліпеня золатавалютныя рэзервы Беларусі зменшацца на $365,2 млн. Але гэта чыстая фармальнасць: уся справа ў тым, што наша краіна адмаўляецца ад нацыянальнай метадалогіі, па якой падлічвала свае міжнародныя фінансавыя актывы. Цяпер мы будзем выкарыстоўваць толькі стандарт Міжнароднага валютнага фонда.

Напрацягу 13 гадоў дзве метадалогіі працавалі ў Беларусі паралельна. У "нацыянальным выяўленні" нашы ЗВР выглядалі больш пераканаўча. Але, на думку аналітыка кампаніі "Альпары" Вадзіма Іосуба, Нацбанк ніколі не спрабаваў ўвесці каго-небудзь у зман і перабольшыць памеры сваіх рэзерваў. Ва ўсіх прэс-рэлізах публікаваліся дзве лічбы. Хаця адна з іх практычнага значэння і не мела.

Вадим Иосуб: Речи о реверансах в сторону МВФ не идёт

"З аднаго боку, ЗВР паказваюць, ці можа краіна аплачваць свае знешнія пазыкі. З іншага, яны ўлічваюцца рэйтынгавымі кампаніямі і міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Напрыклад, па крэдытнай праграме з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця ў нас ёсць абавязальніцтвы па паслядоўным нарошчванні ЗВР. І менавіта разлічаных па правілах МВФ. Гэта значыць, нацыянальныя стандарты валютных рэзерваў не цікавыя нікому з нашых партнёраў, ніхто не звяртае на іх увагі", — тлумачыць аналітык.

Розніца паміж двума стандартамі вельмі простая: па стандарце МВФ можна ўлічваць толькі ліквідныя, канвертоўныя валюты, а з каштоўных металаў — толькі золата. Нацыянальны стандарт крыху шырэйшы, ён дазваляе ўлічваць замежныя валюты, якія не адносяцца да міжнародных рэзервовых (у тым ліку і расейскі рубель), і іншыя каштоўныя металы — напрыклад, плаціну ды срэбра.

Ці можа пераход да стандарту МВФ расцэньвацца як саступка фонду? На мінулым тыдні ў Беларусі працавала місія арганізацыі. Але Вадзім Іосуб лічыць, што гэтыя падзеі ніяк не звязаныя:

"Пра нейкія рэверансы [у бок МВФ] магла б быць гаворка, калі б мы ўводзілі нейкі новы стандарт. Але гаворка ідзе пра выкарыстанне таго, што і так было дастаткова даўно. Ніхто не забараняе нам паралельна весці разлікі ў нацыянальным стандарце ці ў якім-небудзь іншым, але гэта пустая праца, таму што атрымаецца лічба, на якую ніхто не звяртае ўвагі".

На 1 чэрвеня 2017 года ЗВР Беларусі па метадалогіі МВФ складаюць 5 мільярдаў 238 мільёнаў 900 тысяч долараў ЗША ў эквіваленце. Толькі тры месяцы таму яны перавысілі планку ў $5 млрд. Паводле нацыянальнай метадалогіі, сума на $365,2 млн больш

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі