Ва Украіне зноў арыштавалі вагоны з беларускімі мінеральнымі угнаеннямі
Генпракуратура Украіны паведаміла пра арышт 315-ці вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі, якія належаць беларускім і расійскім кампаніям. Агульны кошт арыштаванага тавару — каля 12 мільёнаў долараў.
У ведамстве сцвярджаюць, што вагоны ўехалі і выкарыстоўваліся ва Украіне, парушаючы мытнае заканадаўства.
"У мэтах захавання гэтай маёмасці ў якасці рэчавых доказаў і яе магчымай канфіскацыі ў далейшым Генеральная пракуратура на падставе рашэнняў следчых суддзяў Шаўчэнкаўскага райсуда Кіева наклала арышт", — рапартуе прэс-служба ведамства.
Цяпер бюро эканамічнай бяспекі Украіны праводзіць дасудовае расследванне аб наўмысным ухіленні ад уплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
Напрыканцы траўня падобная сітуацыя з беларускімі ўгнаеннямі здарылася ў Мікалаеўскай вобласці Украіны. Тады на тэрыторыі марскога порта былі арыштаваныя 188 вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі коштам амаль у 20 мільёнаў долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.