Ва Украіне адзначаюць Дзень годнасці і свабоды

 Ва Украіне адзначаюць Дзень годнасці і свабоды

21 лістапада Украіна адзначае Дзень годнасці і свабоды. Гэтае свята было заснаванае прэзідэнтам Пятром Парашэнкам 13 лістапада мінулага года ў памяць аб драматычных падзеях на Еўрамайдане.

У канцы лістапада 2013 года тагачасныя ўкраінскія ўлады адмовіліся ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам. Дакумент павінны былі падпісаць на саміце "Усходняга партнёрства" ў Вільні. Гэтая навіна стала нагодай для пачатку масавых пратэстаў у Кіеве і многіх іншых украінскіх гарадах. Вулічныя акцыі пачаліся менавіта 21 лістапада.

На Майдане Незалежнасці ва ўкраінскай сталіцы мітынгоўцы ўсталявалі намёты і знаходзіліся там круглыя суткі. У ноч на 30 лістапада 2013 года спецназ збіў дзясяткі актывістаў, пасля чаго на вуліцы выйшлі сотні тысяч грамадзян.

Акцыі пратэсту, якія працягваліся з канца лістапада 2013 года да канца лютага 2014 года, атрымалі назву Еўрамайдан, а пазней — Рэвалюцыя Годнасці.

Падчас падзеяў на Еўрамайдане загінуў беларус Міхаіл Жызнеўскі, якога негалосна лічаць героем Украіны.

Сёлета Дзень годнасці і свабоды адзначаецца пад лозунгам “Свабодныя ствараюць будучыню!”.

У рамках святкаванняў пройдзе шэраг імпрэзаў культурнага кірунку.

Фота: AFP

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі