Усаў пра рэпрэсіі: Лукашэнка будзе ціснуць, пакуль “кацёл” не разарвецца ўшчэнт

Лукашэнка і Пуцін будуць закручваць гайкі і рэпрэсаваць людзей, пакуль рэжымы ў Беларусі і Расіі не абрынуцца, лічыць палітолаг Павел Усаў. Для людзей наступствы будуць цяжкімі і адчувальнымі нават праз гады.

У нашым рэгіёне з улікам вайны ва Украіне ўсё будзе развівацца, думаю, па самым драматычным сцэнары, калі ўвесь гэты кацёл разарвецца ўшчэнт. Гэта датычыцца і Расіі, і Беларусі. Сцэнар больш-менш будзе нагадваць той, што быў з Савецкім Cаюзам.

Працэс паўраспаду пачаўся ў дзевяностыя гады, калі гаварыць пра Расію. У Беларусі грамадства больш-менш інтэграванае. У сэнсе культуры і ўспрыняцця светапогляду яно маналітнае, няма такіх дэзынтэгральных сілаў, якія ёсць у Расіі. Таму я кажу пра палітычную сістэму ў Беларусі. Расія і па тэрыторыі, і па культуры, і па народах — мультыкультурная нецэнтралізаваная дзяржава. Яна існуе, пакуль ёсць моцная цэнтральная ўлада.

Безумоўна, пачнецца распад, і, думаю, тут няма нават ілюзіі ні ў амерыканцаў, ні ў еўрапейцаў. Пытанне толькі, да якой глыбіні гэты распад будзе адбывацца ў Расіі. Але напэўна нейкі працэс дэзынтэграцыі будзе. І чым мацней і Пуцін, і Лукашэнка будуць ціснуць, ратуючы ці спадзеючыся на тое, што яны ратуюць сістэму, заціскаць гэтыя гайкі, тым больш драматычныя будуць падзеі і ў Беларусі, і ў Расіі, — упэўнены Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.