Вы тут

Ураган нарабіў бяды ў 458 населеных пунктах, у 3114-ці — не было электрычнасці

Наступствы ўрагану ў Беларусі 14 студзеня 2022 года / МНС

458 населеных пунктаў у 58 раёнах Беларусі пацярпелі з-за ўрагану, які абрынуўся на краіну 14 студзеня.

Як паведамляе МНС, больш за ўсё наступствы моцнага ветру адчула Мінская вобласць (178 населеных пункта) і Магілёўская вобласць (120 населеных пунктаў). Усяго разбурана 427 жылых дамоў, 66 аб'ектаў сацкультбыту, 20 вытворчых і 602 сельскагаспадарчых будынка. Зафіксавана 170 выпадкаў падзення дрэваў. Элементамі дахаў і паваленымі дрэвамі пашкоджаны 32 аўтамабілі.

У многіх раёнах дрэвы ўпалі на чыгуначныя пуці і лініі электраперадач. З-за гэтага адбылася затрымка руху 18 пасажырскіх і 24 грузавых цягнікоў і склала ад 11 хвілін да 3 гадзін 22 хвілін.

Ёсць пацярпелыя: у Мінску жанчына траўмаваная пластыкавым пакрыццём прыпынку. У Магілёве два чалавекі трапілі ў шпіталь з-за таго, што на іх абрынуліся сарваныя ветрам рэкламныя шчыты. Таксама ў Мінску работнікі АСВОД выратавалі 15 рыбакоў, якія не маглі самастойна пакінуць лёд на вадасховішчы Дразды.

З-за ўмоў надвор'я электрычнасць адключалася ў 3114 населеных пунктаў. Па стане на 06:00 без электразабеспячэння застаюцца 366 населеных пунктаў.

Ратавальнікі папярэджваюць, што 15 студзеня ў Беларусі таксама будзе моцны вецер — да 15-20 м/с. Будзьце асцярожныя!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.