Вы тут

Урадавая пастанова для школ: забарона фізкультуры два дні запар і другой змены

Ілюстрацыйнае фота / БЕЛТА

Беларускі ўрад прыняў пастанову (№ 525 ад 7 жніўня 2019-га) "Аб зацверджанні спецыфічных санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў". З дакумента вынікае, што забараняецца 2-я змена ў I, II, V, IX-XI класах, а таксама ў VIII класах з вывучэннем асобных прадметаў на павышаным узроўні. Яна дапускаецца толькі ў VI-VII класах, але пры ўмове забеспячэння "аптымальнага рэжыму навучання". Што да факультатыўных заняткаў, то яны павінны праводзіцца ў дні з найменшай колькасцю вучэбных заняткаў.

Яшчэ адно новаўвядзенне — забарона праводзіць заняткі па фізкультуры два дні запар у адным класе. Таксама нельга іх праводзіць больш за адзін раз на тыдзень першымі або апошнімі навучальнымі заняткамі. Урадавай пастановай забароненыя кантрольныя ў пятніцу, а таксама на апошніх гадзінах вучэбных заняткаў.

Вучні I-IV класаў не павінны сядзець увесь год на адным месцы. Іх павінны рассаджваць з улікам росту і рэкамендацый лекара. Адбывацца гэта будзе ў верасні і студзені.

Пастанову ўраду можна прачытаць тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.