Урад Нямеччыны абвяргае словы Лукашэнкі аб атручванні Навальнага

Урад Нямеччыны
Урад Нямеччыны

Урад Нямеччыны абвяргае заяву Лукашэнкі аб тым, што атручванне расійскага палітыка Аляксея Навальнага — інсцэніроўка. Пра гэта са спасылкай на прэс-службу Кабінета міністраў Нямеччыны піша РІА "Навіны".

"Само сабой, сцвярджэнне спадара Лукашэнкі не адпавядае рэчаіснасці. Учора федэральны канцлер [Ангела Меркель. — Еўрарадыё], міністр замежных спраў і міністр абароны выказалі свае меркаванні аб новых абставінах у справе аб атручванні Навальнага. Дадаць няма чаго", — цытуе агенцтва каментар прэс-службы.

Днём 3 верасня, прымаючы ў Мінску прэм'ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна, Лукашэнка заявіў, што беларуская выведка мае звесткі аб інсцэніроўцы атручвання Навальнага. Маўляў, была перахопленая размова паміж Варшавай і Берлінам, з якой вынікала, што атручвання Навальнага не было. Фальсіфікацыя была арганізавана, каб "адбіць ахвоту ў Пуціна саваць нос у справы Беларусі".

Там жа Лукашэнка паабяцаў Мішусціну, што беларускія спецслужбы перададуць запіс размовы і яго расшыфроўку расійскім калегам. Аднака пакуль расіяне нічога не атрымалі.

Аляксею Навальнаму стала кепска на борце самалёта Томск — Масква 20 жніўня. Борт здзейсніў экстраную пасадку ў Омску, там палітыка шпіталізавалі.

Праз два дні Навальнага перавезлі ў берлінскую клініку "Шарытэ". А 2 верасня ўрад Германіі на падставе праведзеных даследаванняў заявіў, што Навальнага атруцілі рэчывам з групы "Навічок". У Берліне не выключаюць увядзення санкцый у дачыненні да Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі