Урад Грэцыі складуць левыя радыкалы і правыя папулісты

Правая папулісцкая партыя "Незалежныя грэкі" заявіла, што яна ўвойдзе ў склад новага ўрада Грэцыі, які фармуюць левыя радыкалы з партыі СІРЫЗА. “З левымі сіламі дасягнулі прынцыповай згоды. Цяпер ужо нашая краіна мае новы ўрад”, — заявіў кіраўнік “Незалежных грэкаў” Панас Каменас пасля сустрэчы з лідарам СІРЫЗА Алексісам Цыпрасам у панядзелак. СІРЫЗА пакуль не пацвердзіла стварэнне кааліцыі.

Варта адзначыць, што СІРЫЗА і “Незалежныя грэкі” знаходзяцца на процілеглых баках палітычнага спектру. Іх аб’ядноўвае хіба што рэзкая крытыка праграм дапамогі, якую Грэцыі вылучаюць партнёры па еўразоне і Міжнародны валютны фонд. “Незалежныя грэкі” таксама займаюць вельмі радыкальную пазіцыю па пытанні аб нелегальнай іміграцыі, адзначае агенцтва Reuters.

Нагадаем, што на ўсеагульных выбарах СІРЫЗА атрымала перамогу, атрымаўшы 149 з 300 месцаў у парламенце. Да абсалютнай большасці ёй бракавала ўсяго два месцы. У выніку партыя вымушаная была шукаць партнёраў для фармавання новай кіруючай кааліцыі.

Фота — euronews.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі