Умовы легалізацыі для беларусаў у Латвіі будуць лягчэйшыя, чым для расіян

Беларусам будзе лягчэй атрымаць від на жыхарства ў Латвіі, чым расіянам. Пра гэта на выязным пасяджэнні ўрада заявіў міністр замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч, каментуючы змены, якія рыхтуюцца ў іміграцыйным законе краіны. Выключэнне закране высокакваліфікаваных работнікаў, прыцягнутых з Беларусі, паведамляе delfi.lv.

Пытанне ўзняў мэр Даўгаўпілса Андрэйс Элксніньш. Па яго словах, латгальскія бізнесоўцы зацікаўленыя ў прыцягненні працоўнай сілы з Беларусі. Абмежаванні, якія плануюцца ў іміграцыйным заканадаўстве, могуць негатыўна паўплываць на дзейнасць такіх кампаній, як Regula Baltija, Axon Cable, Stream Labs, Latvijas Maiznieks, East Metal ды іншых. Кампанія Regula Baltija заявіла, што ў выніку зменаў у законах можа перавесці сваіх работнікаў у польскі офіс.

У адказ на гэта Рынкевіч і паведаміў, што паміж грамадзянамі Беларусі і Расіі будзе розніца. Такое рашэнне тлумачыцца тым, што з грамадзянамі Расіі існуюць больш высокія рызыкі бяспецы.

Міністр унутраных спраў Крыстапс Эклонс таксама заявіў, што высокакваліфікаваныя супрацоўнікі будуць ацэньвацца асобна. Калі яны будуць адпавядаць патрабаванням, то іх працоўныя візы ў Латвіі будуць падоўжаныя.

Пры гэтым МУС Латвіі ў сваіх заявах падкрэсліла, што змены ў іміграцыйным заканадаўстве не закрануць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, якія просяць візу на падставе гуманітарных меркаванняў або часовы від на жыхарства на падставе міжнароднай абароны.

МУС Латвіі падрыхтавала папраўкі да іміграцыйнага закона. Мяркуецца, што да 30 чэрвеня 2023 года краіна не будзе выдаваць паўторныя часовыя ВНЖ грамадзянам Беларусі і Расіі. Урад Латвіі будзе разглядаць гэты праект на наступным тыдні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.