Уладзімір Беражкоў: Вестка пра пазбаўленне акрэдытацыі "Прессбола" - шок

Акрэдытацыі на сёлетніх Алімпійскіх гульнях у Пекіне пазбаўленая самая папулярная спартыўная газета Беларусі "Прессбол". Такое рашэнне 28 лютага прыняў выканкам Нацыянальнага Алімпійскага камітэта. Паводле інфармацыі БЕЛТА, кіраўнік камісіі НАК па працы са СМІ Аляксей Мірашнічэнка заявіў, што газета стала "друкаваць публікацыі, якія зневажаюць пачуцці алімпійскіх чэмпіёнаў і падрываюць дзелавую рэпутацыю НАК".

Першы віцэ-прэзідэнт камітэта Генадзь Аляксеенка выказаў меркаванне, што многія публікацыі "Прессбола" носяць "тэндэнцыйны характар". "Мы не можам закрыць гэтую газету, але выказаць свае адносіны маем права", — сказаў ён. І выказалі яго аднагалосна. Акрэдытацыю "Прессбола" НАК аддаў журналістам дзяржаўных выданняў.

Для галоўнага рэдактара "Прессбола" Уладзіміра Беражкова гэтая вестка стала шокам. Вось што ён сказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё:

"У нас ёсць усе дакументы, што мы акрэдытаваныя. Толькі застаецца ўпісаць імя акрэдытаванага чалавека. Як выданне мы акрэдытаваныя. Мяне ў гэтым заўсёды ўпэўнівалі, і НАК гэта пацвердзіў. А тое, што я цяпер прачытаў на стужцы БЕЛТА, - для мяне гэта проста шок. Я не магу паверыць, што гэта можа быць. Таму што я не бачу ніводнай падставы для таго, каб гэта адбылося. Таму я пакуль каментаваць нічога не магу..."

Беражкоў чакае пацверджання пазбаўлення акрэдытацыі яго выдання ад кіраўніцтва Нацыянальнага Алімпійскага камітэта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі