"Уладзе не патрэбны быў Бабчанка ― ні ўкраінскай, ні расійскай"

"Уладзе не патрэбны быў Бабчанка ― ні ўкраінскай, ні расійскай"

Вечарам 29 мая ў Кіеве застрэлілі расійскага журналіста Аркадзя Бабчанку. Кілер чакаў яго ў пад'ездзе дома, дзе журналіст жыў з сям'ёй. Калі Аркадзь падышоў да дзвярэй, забойца тройчы стрэліў яму ў спіну. Журналіст памёр у машыне "хуткай дапамогі" па дарозе ў бальніцу.

Украінскія праваахоўнікі называюць найбольш верагоднай прычынай забойства прафесійную дзейнасць Бабчанкі і яго грамадзянскую пазіцыю.

Даведка: Аркадзю Бабчанку быў 41 год. Ваеннай журналістыкай ён пачаў займацца ў 2000 годзе пасля ўдзелу ў абедзвюх чачэнскіх войнах. Працаваў у выданнях "Московский комсомолец" і "Новая газета", на расійскіх тэлеканалах. Зімой 2017-га ён пакінуў Расію з-за пагроз у свой адрас і адрас яго сям'і. Некаторы час жыў у Чэхіі, у апошні год ― у Кіеве, дзе з верасня 2017 года працаваў вядучым на крымска-татарскім канале ATR.

Сябар Аркадзя Бабчанкі, украінскі журналіст, валанцёр Юрый Касьянаў кажа, што на самой справе прычыны забойства Аркадзя могуць быць розныя. Як нельга адназначна казаць і пра тое, хто мог стаяць за гэтым злачынствам.

 

"Прыбіранне" бескампрамісных людзей можа быць працягнутае

 

"Я не хачу адразу паказваць пальцам на Пуціна. Пуцін, безумоўна, вялікае зло, наш вораг і на яго зручна павесіць усіх сабак. Але я думаю, што ёсць сілы і ў самой Украіне, якім выгадна забіваць журналістаў. Журналістаў вядомых, якія маюць уласнае меркаванне і якія могуць уплываць на грамадскую думку. Мы памятаем пра забойства Паўла Шарамета, а цяпер вось ― Бабчанка… Заўсёды вінаватыя і тыя, хто не можа расследаваць такое злачынства. Калі не расследуюцца рэзанансныя забойствы, значыцца, шукай вінаватых і ўнутры краіны, якія робяць усё для таго, каб гэтыя забойствы не былі расследаваныя", ― кажа Юрый Касьянаў.

"Уладзе не патрэбны быў Бабчанка ― ні ўкраінскай, ні расійскай"
Юрый Касьянаў, фота са старонкі ў ФБ Брыя Касьянава

Па словах журналіста, версію помсты Аркадзю Бабчанку з боку ўладаў Расіі неабходна распрацоўваць найперш. Але, кажа, нельга забывацца, што такія людзі, як Аркадзь, нязручныя "пэўным сілам як у Расіі, так і ва Украіне".

"Ва Украіне ёсць сілы, зацікаўленыя ў саюзе з Расіяй, зацікаўленыя ў адбельванні Расіі, у зацвярджэнні тут "рускага свету". І я думаю, што працэс "прыбірання" бескампрамісных людзей, якія выступалі і выступаюць супраць расійскай агрэсіі, якія не збіраюцца гандлявацца з Расіяй за Крым і за Данбас, можа быць працягнуты".

 

Бабчанка быў небяспечны для ўкраінскай улады гэтак жа, як і для расійскай

 

Хто б ні стаяў за забойствам апазіцыйнага расійскага журналіста, вінаватымі ў яго смерці Юрый Касьянаў лічыць… украінскія спецслужбы!

"Праваахоўная сістэма, Служба бяспекі разваленыя, не працуюць і не забяспечваюць абарону грамадзян нават на мінімальным бытавым узроўні. А калі гаворка ідзе пра людзей вядомых, якім пагражаюць пастаянна? Чым павінна займацца Служба бяспекі, як не прыставіць да Бабчанкі пару чалавек, якія б негалосна яго "вялі" і сачылі за тымі, хто можа яму пагражаць? Але гэтага зроблена не было. Як не было гэта зроблена і з Паўлам Шараметам, і з Амінай Акуевай. Сітуацыя выклікае шмат пытанняў. І першае: чаму такія простыя рэчы не робяцца?

У СБУ дзясяткі тысяч супрацоўнікаў, але нават пары чалавек не знаходзіцца для рашэння такой праблемы. На самой справе, уладзе не патрэбны быў Бабчанка ― ні нашай, ні расійскай. Бабчанка быў небяспечны для ўкраінскай улады гэтак жа, як і для расійскай. Бо калі ўлада алігархічная, дык яна ў той ці іншай ступені таталітарная і не любіць свабодна думаючых людзей ― якое б грамадзянства яны не мелі".

Журналіст ― небяспечная прафесія, прызнае Юрый Касьянаў. Асабліва, калі журналіст працуе ў зоне ваеннага канфлікту ці ўзнімае вострыя і непрыемныя для ўлады тэмы. Але гэта не азначае, што да забойства журналіста мы павінны ставіцца як да непрыемнай, але непазбежнай прафесійнай рызыкі.

"Калі б забойцы Паўла Шарамета былі пакараныя, калі б былі пакараныя забойцы Бабчанкі, дык можна было б разводзіць рукамі і казаць: "Так, гэта такая небяспечная прафесія". Але калі такія справы застаюцца нераскрытымі, дык размовы пра рызыкоўную прафесію толькі апраўдваюць бяздзейнасць праваахоўных органаў, іх бездапаможнасць, а можа, і нежаданне раскрываць такога кшталту злачынствы", лічыць Касьянаў.

Украінская паліцыя абнародавала фотаробат верагоднага забойцы Бабчанкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі