Улады хаваюць здарэнне на свінакомплексе "Усходні" пад Баранавічамі (відэа)

Комплекс па вытворчасці свініны ўжо некалькі дзён знаходзіцца пад наглядам міліцыі, піша газета "Intex-press". Вяскоўцы кажуць пра масавае знішчэнне хворых свіней. А мяса са свінакомплексу адсутнічае на прылаўках фірмовых крамаў.



Чытачы газеты паведамілі, быццам адбываецца масавы забой хворых жывёлаў: "Падвозяць на трактарах парасятаў, проста ў прычэпах успорваюць нажамі ім жываты, яшчэ жывых кідаюць у яму і засыпаюць вапнай. Буйнейшых забіваюць сякерамі і электратокам. Віск стаіць жудасны!"



Журналістаў на свінакомплекс не пусцілі. Міліцыянт паведаміў ім, што там адбываецца дэзінфекцыя.



Тым часам ветэрынарная служба і кіраўніцтва камбінату хлебапрадуктаў, у склад якога ўваходзіць свінакомплекс, запэўніваюць, што ніякай праблемы няма і на прадпрыемстве ўсё ў парадку.



Фота — Intex-press