Вы тут

Украіна выйшла з "авіяцыйных" пагадненняў: што гэта значыць для Беларусі

Больш ніякіх пагадненняў? / commons.wikimedia.org/Oleg Belyakov

23 лютага Украіна выйшла з двух пагадненняў аб грамадзянскай авіяцыі і выкарыстанні паветранай прасторы, заключаных у 1991 і 1992 гадах у рамках СНД. Пагадненне аб грамадзянскай авіяцыі і аб выкарыстанні паветранай прасторы тады стала пачаткам заснавання Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта (МАК). Рэгуляванне дзейнасці МАК вызначалася нацыянальным заканадаўствам. Асноўныя моманты, якія закраналіся ў працы камітэта, — арганізацыя аэранавігацыі, проціпаветранай абароны і палётаў ваеннай авіяцыі.

Якое мае значэнне для Беларусі выхад Украіны з гэтых пагадненняў?

— Украіна ўжо даўно заяўляла пра тое, што збіраецца выходзіць з усіх дамоваў, заключаных у рамках СНД, — тлумачыць эксперт аналітычнага партала Belarus security blog Леанід Спаткай. — Нічога дзіўнага ў гэтым няма, яны даўно да гэтага ішлі. Нейкіх катастрафічных наступстваў ні для Украіны, ні для Беларусі ў гэтым няма, таму што мы ўсё роўна кіруемся міжнароднымі дамовамі, якія вызначаюць парадак выкарыстання паветранай прасторы і аэрадромаў пры выкананні міжнародных пералётаў. З боку Украіны гэта хутчэй дэманстратыўнае "ляпанне дзвярыма". Маўляў, вось, мы выйшлі.

Леанід Спаткай / belsat.eu

— Галоўную пазіцыю займаюць міжнародныя дамовы на ўзроўні ІКАО [Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі. — Еўрарадыё]. Наконт пагадненняў СНД — былі нейкія пагадненні, якія вызначалі мясцовыя пералёты, напрыклад "Гомель — Чарнігаў". Але міжнародныя паветраныя лініі як былі, так і застануцца. За праводку паветраных судоў па такіх калідорах над тэрыторыяй Беларусі беларускія дыспетчарскія службы атрымліваюць немалыя грошы, — працягвае Леанід. — Што да бяспекі ў паветранай прасторы, сістэм ППА, то ў Беларусі заключана дамова з Расіяй. Ніякіх дамоваў з Украінай аб сумеснай ахове паветраных або наземных межаў у нас не было, няма і наўрад ці ў найбліжэйшы час будзе. Ніякіх наступстваў для Беларусі ад гэтага няма.

Навошта Украіне "ляпаць дзвярыма"?

— Украіна даўно заяўляла, што паколькі Расія — гэта краіна-агрэсар, якая не выконвае Мінскія пагадненні, падтрымлівае сепаратыстаў, то неабходна спыніць паветраныя зносіны з Расіяй, спыніць перавозкі і гэтак далей. Я думаю, што зроблена гэта менавіта з гэтага пункту гледжання, — мяркуе Леанід Спаткай.

На сённяшні дзень Украіна ўжо пакінула некаторыя раней заключаныя ў рамках СНД пагадненні. Нядаўна Кабмін ухваліў выхад Украіны з Горнай хартыі — міжурадавага савета СНД, які працуе ў галіне вывучэння, разведкі і выкарыстання мінеральна-сыравінных рэсурсаў, і пагаднення аб каардынацыі міждзяржаўных адносін у галіне паштовай і электрычнай сувязі. Таксама Украінай скасавана пагадненне аб асноўных прынцыпах супрацоўніцтва ў галіне мірнага выкарыстання атамнай энергіі, пагадненне аб каардынацыі міждзяржаўных адносін у галіне электраэнергетыкі СНД і іншыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.