Украіна робіць яшчэ адзін крок, каб аддаліцца ад Расіі

Украіна робіць яшчэ адзін крок, каб аддаліцца ад Расіі

Украіна робіць захады па скасаванні Дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве з Расіяй, якая была падпісана ў 1997 годзе. 6 верасня на прапанову МЗС Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняў рашэнне аб спыненні дзеяння гэтага дакумента. 17 верасня падпісаў указ прэзідэнт Пётр Парашэнка, паводле якога рашэнне Савета пачынае дзейнічаць.

Украінскі палітолаг, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда ў каментары Еўрарадыё кажа, што "ёсць працэдура непрацягнення дамовы і, дзякуючы гэтаму, яна ў наступным годзе спыніць сваё дзеянне". МЗС Украіны мусіць праінфармаваць знешнепалітычнае ведамства Расіі пра гэты намер, а Парашэнка ўнясе ў парламент адпаведны законапраект.

"Павага межаў, якая была важная ў 1997 годзе, праз шэсць гадоў пасля распаду Савецкага Саюза, на сённяшні дзень Расіяй растаптана, — кажа Магда. — І гэта ўжо не стрымліваючы фактар. А асноўныя правы грамадзян Украіны і Расіі рэгулююцца нормамі міжнароднага права, якія ўніверсальныя і для Украіны, і для Расіі. Таму ў цяперашняй сітуацыі чапляцца за дамову афіцыйны Кіеў не стаў".

Палітолаг адзначае, што дыпламатычных адносін паміж краінамі "дэ-юрэ няма ўжо сёння". "Іх не спяшаюцца разрываць, каб не ствараць найперш складанасцяў для работнікаў консульстваў, якія клапоцяцца пра шэраговых грамадзян", — адзначыў Яўген Магда. Да таго ж, ваенна-палітычнага супрацоўніцтва няма і не можа быць з-за сітуацыі з Крымам і Данбасам, Украіна "ужо 1000 дзён наўпрост не купляе расійскі газ", а тавараабарот паміж краінамі з кожным годам зніжаецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі