Украіна гатовая пачаць перамовы па Крыме — 407-я раніца вайны

Ва Украіне гатовыя да перамоваў па Крыме , але не выключаюць і сілавы варыянт вызвалення паўвострава / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Ва Украіне гатовыя да перамоваў па Крыме , але не выключаюць і сілавы варыянт вызвалення паўвострава / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Рыхтуецца вывад часткі расійскіх войскаў з Беларусі, кажуць украінскія памежнікі. Гаворка пра тыя падраздзяленні, якія скончылі падрыхтоўку. Расія плануе перакінуць іх на ўсход Украіны для ўзмацнення сваёй групоўкі, кажа спікер Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка. "Раней мы паведамлялі, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца каля чатырох тысяч расійскіх вайскоўцаў. Пасля тых мерапрыемстваў, якія цяпер пачаліся, іх колькасць яшчэ знізіцца. Паводле нашых звестак, з Беларусі выйдуць блізу дзвюх тысяч вайскоўцаў", прыводзіць словы Дземчанкі Hromadske.

У дзеяннях беларускіх вайскоўцаў, якія знаходзяцца на мяжы з Украінай, нічога не змянілася. Па словах Дземчанкі, яны знаходзяцца на пэўнай аддаленасці ад мяжы. Нагадаем, па стане на студзень, паводле ацэнак украінскіх памежнікаў, у Беларусі было прыкладна 11 тысяч расейскіх вайскоўцаў.

Украіна гатовая пачаць перамовы па Крыме, калі УСУ наблізяцца да паўвострава. Пра гэта заявіў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэй Сібіга ў інтэрв'ю Financial Times. "Калі нам удасца дасягнуць нашых стратэгічных мэтаў на поле бою, і калі мы апынемся на адміністрацыйнай мяжы з Крымам, мы гатовыя адкрыць дыпламатычную старонку для абмеркавання гэтага пытання", —сказаў Сібіга. Але ён удакладніў, што вызвалення Крыма сіламі абароны ўкраінскія ўлады таксама не выключаюць.

Да сітуацыі на фронце. За мінулыя суткі расіяне нанеслі 3 ракетных і 29 авіяцыйных удараў, здзейснілі 51 абстрэл з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. На Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках за суткі было адбіта больш за 60 расійскіх нападаў. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка.

"На Бахмуцкім кірунку вораг спрабуе ўзяць пад поўны кантроль горад Бахмут, працягвае яго штурмаваць", — кажуць у Генштабе. Наступальныя дзеянні расіяне вядуць на Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Па словах украінскіх вайскоўцаў, праціўнік "толькі ў Мар'інцы здзейсніў больш за 25 беспаспяховых нападаў".

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўчора ў Польшчы заявіў, што ўкраінскія войскі сыдуць з Бахмута, калі ўзнікне небяспека акружэння. Але пакуль, паводле ацэнкі Зяленскага, такой неабходнасці няма. Ён сказаў, што ўкраінскія войскі сутыкаюцца цяпер у Бахмут з вельмі складанай сітуацыяй, і што Кіеў прыме "адпаведныя рашэнні", калі ўкраінскія войскі апынуцца пад пагрозай быць акружанымі расійскімі сіламі.

Украина готова начать переговоры по Крыму — 407-е утро войны
Сітуацыя у Бахмуце / understandingwar.org

У Польшчы Зяленскі быў ўчора з першым з пачатку вайны афіцыйным візітам. У Варшаве ён дамовіўся аб пастаўках вайсковай тэхнікі і аднаўленні рэгіёнаў, якія пацярпелі ў выніку расійскага ўварвання.

"Гэты візіт у Варшаву, усе нашы перамовы сёння — іх сапраўды можна назваць пераможнымі. Узгоднены новы і вельмі патрэбны менавіта цяпер нашым воінам абаронны пакет, які абараняе свабоду і незалежнасць не толькі Украіны, Польшчы, Еўропы, але і ўсяго свету", – сказаў украінскі прэзідэнт. Ён таксама падзякаваў палякам за ключавое лагістычнае значэнне Польшчы. Па польскіх дарогах і праз польскія парты дастаўляецца ва Украіну ваенная, энергетычная, медыцынская, гуманітарная дапамога з усяго свету.

Тым часам краіны ЕС дамовіліся аб закупцы мільёна боепрыпасаў для Украіны, але пакуль не могуць вырашыць, з кім заключаць кантракты на іх выраб — выключна з кампаніямі ЕС альбо з усімі вытворцамі. Пра гэта піша Politico са спасылкай на крыніцы. Францыя настойвае на тым, каб грошы заставаліся ў межах ЕС. Яе падтрымліваюць Грэцыя і Кіпр, яны супраць заключэння кантрактаў з турэцкімі вытворцамі.

Рашэнне аб закупцы боепрыпасаў для УСУ краіны ЕС прынялі ў сакавіку, але папярэдзілі, што пройдуць па меншай меры месяцы, перш чым снарады, заказаныя ў рамках гэтых сумесных закупак, апынуцца ва Украіне. Першыя заказы могуць быць размешчаныя да канца траўня.

49 краін свету і Еўрапейскі Саюз апублікавалі сумесную заяву з асуджэннем незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію. Гэта стала адказам на правядзенне нефармальнага пасяджэння Савета Бяспекі ААН, у якім старшынюе РФ. Расія хоча расказаць пра "рэальную сітуацыю" па вывазе дзяцей з Украіны. Заяву ЕС апублікаваў пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісліца. "Мы адназначна асуджаем дзеянні РФ ва Украіне, у прыватнасці прымусовую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей, а таксама іншыя сур'ёзныя парушэнні ў дачыненні да дзяцей, учыненыя расійскімі войскамі ва Украіне", гаворыцца ў заяве.

Краіны-падпісанты падкрэслілі, што ніякая колькасць дэзінфармацыі, якую распаўсюджвае Расія, не зможа скасаваць праўду і абараніць ад адказнасці за гэтыя злачынствы.

У заяве таксама адзначаецца, што факты дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію відавочныя. Расійскія ўлады затрымалі і прымусова дэпартавалі больш за 19,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей. Гаворка ідзе аб наўмысным аддзяленні дзяцей ад бацькоў і выкраданні дзяцей з дзіцячых дамоў. У Маскве кажуць, што гаворка ідзе пра "эвакуацыю дзяцей з зоны канфлікту".

Расійскія СМІ са спасылкай на ФСБ Расіі пішуць, што ўчора ў Бранскай вобласці пацярпеў катастрофу ўкраінскі лёгкаматорны самалёт. Пілот "спрабаваў збегчы на ўкраінскую тэрыторыю", але быў затрыманы. Telegram-канал Mash сцвярджае, што гэты самы самалёт ужо залятаў у Бранскую вобласць і "скінуў бомбу на вежу сувязі". Мужчына на відэа, якое публікуюць расійскія рэсурсы, кажа, што не лётаў з пачатку вайны, а ягонай задачай падчас гэтага палёту было фатаграфаваць. Ён ляцеў за іншым пілотам, але сеў з-за праблем з вінтом. Кажа, што не ведаў, што апынуўся на тэрыторыі РФ, паколькі ягоны планшэт выйшаў са строю.

На відэа мужчына прадставіўся Аляксандрам Марозавым. Выданне "Агенцтва" піша, што гэта яго сапраўднае імя. Маразоў грамадзянскі пілот, які вырашыў навучыцца лётаць у 50 гадоў. У канцы нулявых ён купіў сабе маленькі самалёт, а затым разам з валанцёрамі пабудаваў аэрадром у Харкаўскай вобласці. Ён займаўся грамадзянскай санітарнай авіяцыяй.

Украина готова начать переговоры по Крыму — 407-е утро войны
Аляксандр Марозаў / agents.media

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі