Уключэнне ацяплення ў Мінску — выбары сапраўды ні пры чым

Уключэнне ацяплення ў Мінску — выбары сапраўды ні пры чым

7 кастрычніка цяпло прыйдзе і ў кватэры мінчукоў. Жыхары сталіцы, хоць і рады навіне, але смяюцца, маўляў, улады стараюцца дагадзіць перад выбарамі. Трэба, каб пяць дзён запар на вуліцы было ніжэй за +10. А ў Мінску апошнія пяць дзён слупок тэрмометра даходзіў да +20!


Чыноўнікі кажуць, што ранняе ўключэнне батарэй звязанае з "доўгатэрміновым прагнозам сіноптыкаў", бо 7 кастрычніка абяцаюць рэзкае пахаладанне.


"З улікам дадзенага неспрыяльнага прагнозу..." — распавядае Еўрарадыё старшыня аддзела энергетыкі Мінгарвыканкама Дзмітрый Плашкоў.


Самы вядомы сіноптык краіны Дзмітрый Рабаў пацвярджае гэтую інфармацыю: ад заўтра ў Беларусі моцна пахаладае, чакаюцца замаразкі, а па паўночным усходзе краіны пройдзе першы снег!


"Падзьмуў паўночны вецер і, на жаль, у бліжэйшыя дні паніжэнне тэмпературы захаваецца. Будзе спакойнае прахалоднае надвор'е з паўночнымі вятрамі. Тэмпература чакаецца ніжэйшая за кліматычную норму, характэрную для канца кастрычніка-пачатку лістапада. У Мінску ў бліжэйшыя ночы тэмпература можа панізіцца да -4, удзень, напрыклад, у пятніцу, будзе +5. А ў выхадныя дні ёсць верагоднасць, што жыхары нашых паўночна-усходніх раёнаў убачаць першы снег".

 

Уключэнне ацяплення ў Мінску — выбары сапраўды ні пры чым

Па словах Дзмітрыя Рабава, бабіна лета ў Беларусь прыйдзе толькі ў другой палове кастрычніка — надвор'е будзе па-асенняму цёплым. А энергетык Дзмітрый Плашкоў дадае, што ў выпадку, калі тэмпература паветра стане вышэйшай за +10, ацяпленне ў кватэрах будзе функцыянаваць у рэжыме пратаплівання.


То бок, атрымліваецца, што выбары тут ні пры чым. Дарэчы, Еўрарадыё паглядзела тэрміны ўключэння батарэй у мінулыя гады: ацяпленне ў сталіцы з'яўлялася выключна з наступленнем халадоў. Напрыклад, у 2009 годзе батарэі запрацавалі 9 кастрычніка, у 2012-м — 11-га, у 2013-м яшчэ раней, 2 кастрычніка.


Адзін дзень ацяпляльнага сезону ў асенне-зімовы перыяд абыходзіцца гораду ў 3 мільёны долараў, па разліку міністэрства ЖКГ, насельніцтва пакрывае толькі 20,69% выдаткаў. Ацяпленне кватэры ў 65 квадратных метраў будзе каштаваць каля 75 тысяч рублёў, за год яно падаражэла прыкладна на 5 тысяч, за два гады — на 20 тысяч рублёў.

Фота: xorst.ruwww.rh.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі