Угодкі Чарнобыля ў Віцебску адзначаюць паляваннем на падазроных

Праваахоўчыя органы не далі віцебскім моладзевым актывістам правесці шэсце з нагоды 23-х угодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.  Група хлопцаў і дзяўчат мела намер прайсці ад плошчы Перамогі да гарадской ратушы, апрануўшы майкі з надпісамі, прысвечанымі гэтай трагедыі. Але калі удзельнікі акцыі сабраліся на плошчы, да іх падыйшлі міліцыянты у цывільным.

Як распавёў праваабаронца Павел Левінаў, аперацыяй кіраваў падпалкоўнік Скарыновіч, які, паклікаўшы міліцыянтаў у форме, загадаў тым праверыць у моладзі дакументы.

Левінаў: "Дакументы ва ўсіх былі ў парадку, і супрацоўнік міліцыі сказаў, што ў Віцебску зараз ёсць праблема крадзяжоў, і мабыць тыя хлопцы маюць да крадзяжоў дачыненне. Прапанаваў паказаць асабістыя рэчы. Адзін з хлопцаў адказаўся пакадаць свой заплечнік, дзе, дарэчы, і ляжалі тыя майкі. Тады пяць чалавек з ўжываннем грубай фізічнай сілы запіхнулі у міліцэйскі мікрааўтобус і адвезлі у Першамайскі РАУС".

Зараз спадар Левінаў разам з групай актывістаў, праваабаронцаў і журналістаў знаходзіцца ля Першамайскага РАУС, куды адвезлі затрыманых. Яшчэ двое актывістаў – сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка і беспартыйны Валеры Міснікаў – таксама трапілі ў пастарунак. Ім было прапанавана прайсці з міліцыянтамі на той падставе, што яны “падазрона выглядаюць” і іх асобы трэба тэрмінова праверыць па міліцэйскай базе дадзеных.

У цэнтры Віцебска сёння зладзілі кірмаш пад дэвізам “Усё для лецішча”. Але складваецца ўражанне, што больш, чым садаводаў-агароднікаў, у гэтым раёне трапляецца супрацоўнікаў КДБ і МУС. Іх пільную ўвагу адчулі на сабе не толькі актывісты, але і мясцовыя незалежныя журналісты.

На здымках:
Ля віцебскай ратушы актывісты з розных партый і грамадскіх арганізацый сёння наладзілі раздачу брашуры Эдуарда Брокарава "Міфалогія мірнага атама"




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі