Удзельнікі нарады ў Лукашэнкі пацвердзілі гутарку "пра бабло і мерсэдэсы"

Удзельнікі нарады ў Лукашэнкі пацвердзілі гутарку "пра бабло і мерсэдэсы"

Удзельнікі нарады ў Аляксандра Лукашэнкі пацвердзілі праўдзівасць запісаў Уладзіміра Дражына, які занатаваў словы пра "бабло" і "мерсэдэсы", перадае Радыё "Свабода".

18 снежня ў кіраўніка дзяржавы прайшла нарада па летніх відах спорту. Найбольшы рэзананс атрымаў запіс пра бабло, мерсэдэсы і цёлак, які трапіў у відэасюжэт АНТ. Як высветліла nn.by, запісы рабіў былы віцэ-прэм’ер і амбасадар у Літве Уладзімір Дражын.

Галоўная трэнерка нацыянальнай зборнай па мастацкай гімнастыцы, намесніца старшыні Беларускай асацыяцыі гімнастыкі Ірына Ляпарская кажа, што слова "мерсэдэсы" гучала ў гаворцы пра высокі спартовы вынік: дасягнуў нечага — маеш права жыць па сродках.

"Прэзідэнт усё правільна сказаў: раней ездзілі на "мерсэдэсах", а цяпер не ездзяць, бо няма чым пахваліцца. Ягоная логіка зразумелая: няхай спачатку пакажуць вынік, заробяць, а потым усё гэта мець будуць. Не раздаваць авансы, а ўзнагароджваць толькі за рэальную працу. Я ў гэтым сэнсе яго цалкам падтрымліваю", — патлумачыла Ляпарская.

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі, як перадае "Свабода", таксама распавёў, што "бабло" і "мерсэдэсы" гучалі падчас гаворкі пра больш ашчаднае выдаткоўванне бюджэтных сродкаў.

"Зразумела, кожны пачутае ўспрымае па-свойму, але важны сам кантэкст. Не было такога: жыраваць ці не жыраваць. Гаворка пра тое, што дадатковых грошай на спорт, магчыма, не будзе. Бо калі правільна расставіць прыярытэты, дастаткова і наяўных сродкаў", — удакладніў Дзевятоўскі.

А вось пра "цёлак" ніхто ўзгадаць не змог. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі