У Воранаўскім раёне перакуліўся Land Rover, загінулі два чалавекі
![У Воранаўскім раёне перакуліўся Land Rover, загінулі два чалавекі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/image-0-02-05-e305a1a78176f9c87d8b964b7ce08c3c25cec597a7e2b45f21a35b56639c85a6-v.jpg.webp?itok=m3REwvbi)
У Воранаўскім раёне перакуліўся Land Rover Discovery, загінулі два чалавекі, яшчэ трое атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя. Як інфармуе прэс-служба ДАІ Гродзенскай вобласці, трагічнае ДТЗ адбылося каля 15.50 у нядзелю, 1 кастрычніка, на першым кіламетры аўтадарогі “Германішкі — Пераганцы — Навіянка”. 29-гадовы мужчына, які кіраваў легкавіком, няправільна выбраў хуткасць руху, з-за чаго не саўладаў з кіраваннем. Land Rover з’ехаў з дарогі ў кювет, дзе перакуліўся.
Кіроўца загінуў на месцы аўтааварыі, загінуў і адзін з пасажыраў ва ўзросце 25 гадоў. Агулам у аўтамабілі знаходзіліся шэсць чалавек, ніхто з іх не быў прышпілены рамянямі бяспекі, таму іх выкінула з машыны. Чатырох пасажыраў адвезлі ў бальніцу, толькі аднаго з іх пасля агляду адпусцілі дахаты. Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка. Экспертыза мусіць высветліць, ці не быў кіроўца ў стане алкагольнага ап’янення.