У віцебскую краму канфіскату трапілі кветкі “другой свежасці” (фота)

Гэты канфіскат з’явіўся ў продажы ў спецыялізаванай краме “Ваш выбар”. Мяркуючы па ценніках, кветкі адабралі ў некага ў Гродзенскай вобласці перад агульнарэспубліканскім святам — Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. Напэўна, спадзяваліся, што кветкі раскупяць натоўпы пралетарыяту, але гэтага не здарылася, адзначаюць “Народныя навіны Віцебска”.



15 лістапада тавар пераацанілі і цяпер павялыя гваздзікі прапануюць па 2500 рублёў, а ружы — па 5400, але нават за такія грошы яны нікога не цікавяць.



 

Крама канфіскату “Ваш выбар” не ўпершыню здзіўляе жыхароў Віцебска экстравагантным асартыментам: напрыклад, у верасні 2010 года тут прадавалі касцюмы для ролевых сэксуальных гульняў, у красавіку 2010 — бульбу, а ў лютым таго ж году — жалобныя вянкі.