У Віцебску жаніхі з нявестамі збіралі цацкі для дзіцячага дома

Карэспандэнтка Еўрарадыё распавядае пра новую традыцыю, якая з'явілася ў горадзе, пра святочную пошту, якая працавала 15 хвілін, а таксама пра акцыю БРСМ, з якой людзі ўцякалі праз агароджу.
У Віцебску на Дзень святога Валянціна з’явілася новая традыцыя. Маладажоны, што бралі шлюб у гэты дзень, удзельнічалі ў дабрачыннай акцыі. Усе 18 пар, што прайшлі праз гарадскі ЗАГС, атрымалі ў падарунак ад сваіх гасцей замест кветак мяккія цацкі. Апошняя пара, што брала шлюб, і завезла ўсе цацкі ў дзіцячы дом.



Старшыня абласнога аб’яднання Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава лічыць, што гэта акцыя павінна стаць традыцыйнай, і цацкі для дзіцячага дома жаніхі з нявестамі будуць збіраць не менш як чатыры разы на год.

Галіна Жаланава: "Мы падарым дзеткам яшчэ адно свята, вось як Новы год. Прыходзілі Дзед Мароз са Снягуркай да іх, а зараз прыгожыя такія жаніх з нявестай. І самі маладыя задумаюцца, як ім строіць сваё сямейнае жыццё, каб не было такіх дзетак пакінутых".



Студэнты Ірына і Вадзім Хадкевічы, якім давялося везці цацкі ў дзіцячы дом для дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, засталіся задаволенымі.

Ірына Хадкевіч:
"У нас незвычайнае вяселле атрымалася, мы адразу згадзіліся, калі нам гэта прапанавалі, так хацелася сваім шчасцем з дзеткамі падзяліцца!".

Святочныя мерапрыемствы праходзілі па ўсім горадзе. Шмат якія грамадскія арганізацыі раздавалі віншавальныя паштоўкі ці каляндарыкі-“валянцінкі”, але не ўсім гэта давялося зрабіць без перашкод. Так, актывісты грамадскай ініцыятывы “Наш дом” зладзілі святочную “пошту святога Валянціна”.



Вольга Карач: "Мы раздаем каляндарыкі з валянцінкамі ад “Нашага дома”, і акрамя таго ў нас працуе пошта, дзе можна падпісаць паштоўку любімаму чалавеку і яна абавязкова дойдзе".

Але святочная пошта працавала хвілін 15. Аказалася, што каля гандлёвага цэнтра “Эвіком”, дзе актывісты збіралі паштоўкі і раздавалі валянцінкі ды балёнікі-сардэчкі, рабіць гэтага нельга. Ахова “Эвікома” настойліва прапанавала людзям разыйсціся.

А вось са святочнай акцыі, якую зладзілі актывісты БРСМ на ганачку абласнога краязнаўчага музею, нікога не праганялі. Наадварот, каб людзі не збеглі, зачынілі вароты.





Тым, каму падаліся не вельмі прыстойнымі гульні, што прапанавалі БРСМаўцы, давялося лезці праз агароджу.



Вельмі рамантычна адзначылі дзень закаханых у Літаратурным музеі. Там увесь дзень жадаючыя маглі пагутарыць з сапраўдным паэтам. Вядомы віцебскі творца Давід Сімановіч ахвотна раздаваў аўтографы, дарыў закаханым “валянцінкі”,  даваў парады, проста гутарыў пра каханне ды пра жыццё і, зразумела, чытаў свае вершы.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі