Вы тут

У Віцебску затрымлівалі апазіцыянера Барыса Хамайду — “загрувашчваў вуліцу”

Барыс Хамайда / vitebskspring.org

У Віцебску 14 сакавіка каля 12-й гадзіны затрымалі вядомага апазіцыянера Барыса Хамайду, піша vitebskspring.org. 

На яго склалі адміністрацыйны пратакол за “загрувашчванне вуліцы”. У міліцыі Хамайда прабыў больш за гадзіну.

Па словах Хамайды, ён, як заўжды, стаяў у гэты дзень каля вядомага ў Віцебску "сіняга дома" (вуліца Леніна, 28) і распаўсюджваў незалежныя выданьні. Праз 15 хвілін пасля таго, як ён паразмаўляў з віцебскім журналістам, да яго падышлі міліцыянты і запатрабавалі пакінуць гэтае месца. Калі апазіцыянер адмовіўся сыходзіць, яго затрымалі, паведаміўшы, што ён парушае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Але ў пастарунку на яго склалі пратакол за парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў — нібыта Хамайда “загрувашчваў сваёй маёмасцю вуліцу”. Яму пагражае штраф да 127,5 рубля (5 базавых велічыняў). Апазіцыянер не падпісаў пратакол.

Міліцыянты сказалі, што затрымалі Хамайду, бо заўтра — Дзень Канстытуцыі.