У Віцебску за ўдзел у мірных шэсцях асудзілі 56-гадовую вазочніцу

У Віцебску за ўдзел у мірных шэсцях асудзілі 56-гадовую вазочніцу

На 189 рублёў (7 базавых велічыняў) суд Віцебскага раёна аштрафаваў 16 кастрычніка жыхарку аграгарадка Кастрычніцкая 56-гадовую Валянціну Крыштопенка, якая мае інваліднасць першай групы.

На жанчыну склалі два пратаколы — за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных шэсцях 4 і 11 кастрычніка. У іх гаворыцца, што яна трымала транспарант і выкрыквала лозунгі.

На судзе Крыштопенка заявіла, што ўдзельнічала ў шэсцях, але віны не прызнала. "Я маю права на свабоду выказвання свайго меркавання, гэта права мне дае Канстытуцыя. Я прыйшла на марш, каб мяне пачулі. Выбары былі незаконныя, і я супраць гвалту ў дачыненні да людзей, можна нават сказаць, генацыду. Да таго часу, пакуль будуць у нашай краіне біць людзей, я буду выходзіць на мірныя дэманстрацыі, чаго б мне гэта ні каштавала", — перадае БелаПАН яе словы.

Жанчына заявіла, што сама прасіла, каб яе везлі ў вазку на чале калоны: "Па-першае, нязручна ісці за кімсьці — "падразаюцца" ногі. А па-другое, я папрасілася наперад, каб абараніць сабой хоць пару хлопцаў на маршы, каб на іх не нападалі з дубінкамі. Хочацца верыць, што, убачыўшы чалавека ў вазку, міліцыя не будзе так страшна нападаць і выкарыстоўваць газ".

Суддзя Міхаіл Зубеня прызнаў Крыштопенка вінаватай і аштрафаваў.

У каментары БелаПАН жанчына заявіла, што выходзіць на акцыі пратэсту ёй было не страшна. "Мне зрабілі чатыры аперацыі, таму я ўжо мала чаго баюся ў сваім жыцці. А вось тое, што адбываецца ў нашай краіне, — сапраўды страшна, таму я і выйшла на мірны пратэст. Калі не могуць выйсці дужыя мужыкі — значыць, выходзяць жанчыны. Калі не выходзяць дэсантнікі, значыць пайду я — інвалід", — кажа яна.

15 кастрычніка ў Мінску прайшоў Марш (не)інвалідаў. Не выключана, што яго ўдзельнікам таксама могуць даслаць позвы ў суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі