У Віцебску з пнеўматыкі абстралялі дзверы аддзела прымусовага выканання. Як паведамляе прэс-служба віцебскай міліцыі, стралком аказаўся 40-гадовы мясцовы жыхар. Сцвярджаецца, што ён быў п'яны.
У дзверы трапілі дзве кулі. Сляды заўважылі супрацоўнікі аддзела і паведамілі ў міліцыю. Зламысніка знайшлі. Па словах мужчыны, ён быў у гасцях у "калегі па працы", яны выпівалі. Гаспадар кватэры паказаў пнеўматычны пісталет, а госць папрасіў яго, каб "пастраляць". Страляў з балкона на другім паверсе. Дзверы былі прыблізна ў 20 метрах.
Затрыманы кажа, што не меў праблем з аддзелам прымусовага выканання. Ён быў перакананы, што страляў у дзверы крамы.
Па факце хуліганства распачалі крымінальную справу. Стралок мусіць заплаціць за пашкоджаныя дзверы 700 рублёў.