У Віцебску судзілі 8 чалавек, якія ў кватэры за гарбатай гаварылі пра Домрачаву

У Віцебску судзілі 8 чалавек, якія ў кватэры за гарбатай гаварылі пра Домрачаву

У Віцебску судзілі 8 чалавек, якія на дзень Канстытуцыі сабраліся ў прыватнай кватэры за гарбатай, гаварылі пра жыццё, космас, пра перамогу Дар’і Домрачавай і пра фільм, прысвечаны расійскаму прэзідэнту Уладзіміру Пуціну і палёту на Марс. Як піша сайт vitebskspring.org, раптоўна ў кватэру ўвайшлі пяць чалавек у цывільным (дзверы не былі зачынены). Яны паказалі дакументы міліцыянераў і сказалі, што прысутныя парушаюць заканадаўства. Усім прапанавалі прайсці ў аддзяленне міліцыі для складання пратаколу.

У судзе міліцыянеры сказалі, што атрымалі інфармацыю пра сход ад нейкага ананіма. Той паведаміў пра рэгулярныя сходы людзей сярэдняга і сталага веку, якія “вызнаюць нейкую філасофію”. Нават называлася назва арганізацыі, але ўсе ўдзельнікі таго сходу пра яе нічога не ведалі. Паводле іх слоў, яны рэгулярна збіраліся, размаўлялі, дыскутавалі. Спрабавалі зарэгістраваць арганізацыю філасофска-асветніцкага накірунку, але ім адмовілі.

“Калі вы рэгістраваліся і вам адмовілі, дык навошта тады збірацца піць гарбату? Такая мая логіка”, — кажа інспектар міліцыі Сяргей Веракса, які кіраваў той “спецаперацыяй”.

Жыхароў Віцебска абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Паколькі яны раней да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваліся, суддзя Міхаіл Зубеня папярэдзіў 7 удзельнікаў той сустрэчы, а аштрафаваў (на 490 рублёў) толькі жанчыну, якую палічыў арганізатарскай сходу. Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў назваў рашэнне суду абсурдным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі