Вы тут

У свеце неспакойна: пратэсты ў Судане, японскае вяселле і пашпарт для Арэйра

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Адарвём вас ад беларускага парадку дня дрэннымі і добрымі навінамі з усяго свету.
 

Судан пратэстуе 

Вайскоўцы Судана здзейснілі пераварот. У панядзелак лідар перавароту генерал Абдэль Фатах Бурхан распусціў цывільны ўрад, арыштаваў палітычных лідараў і абвясціў надзвычайнае становішча. Захоп улады ён паспрабаваў апраўдаць палітычнай барацьбой.

Людзі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту. Салдаты адкрылі агонь па натоўпе, паведамляецца, што загінулі 7 чалавек.

Яшчэ 140 чалавек пацярпелі. Міжнародная "тройка" па Судане — ЗША, Брытанія, Нарвегія — запатрабавала ад вайскоўцаў адпусціць прадстаўнікоў цывільнага ўрада.

 

Насуперак пратэстам і таблоідам

Ні пратэсты, ні таблоіды не перашкодзілі японскай прынцэсе Мака выйсці замуж за каханне ўсяго яе жыцця. Так што Мака больш не прынцэса, а жонка юрыста Камура Кея, з якім пазнаёмілася яшчэ ў каледжы.

За некалькі дзён да вяселля, калі Кей вярнуўся ў Японію, таблоіды чарговы раз напалі на яго — гэтым разам за прычоску. "Хвосцік" не спалучаўся з вобразам жаніха прынцэсы. Зрэшты, перад цырымоніяй Кей прычоску змяніў на больш традыцыйную.

Мака перастане быць прынцэсай / Marco Verch

Сама ж Мака адмовілася ад каралеўскага вяселля і ад належнай аднаразовай выплаты ад каралеўскага палаца, развіталася з сям'ёй — і стала часткай іншай сям'і.

"Для мяне Кей незаменны — шлюб быў для нас неабходным выбарам", — сказала Мака.

А Кей сказаў, што хоча пражыць з ёй усё жыццё. Такая вось некаралеўская, а ўсё-ткі казачная гісторыя.

 

Космагатэль і касмафільмы

Рускія былі першымі, хто здымаў кіно ў космасе. І Джэф Безас вырашыў, што яны не стануць адзінымі. Мільярдэр заявіў, што ягоная кампанія косматурызму Blue Origin запусціць у космас камерцыйную касмічную станцыю — "Арбітальны рыф".

Запуск адбудзецца да канца дзесяцігоддзя. На рыфе зможа размясціцца да 10 чалавек. Кліентам дадуць месца і магчымасці для "стварэння фільмаў ва ўмовах мікрагравітацыі" або "правядзення перадавых даследаванняў". А яшчэ там будзе космагатэль.

 

Вашы цацкі ўмеюць ратаваць планету

А ў Сінгапуры, дзе знаходзіцца траціна каралавых рыфаў свету, прыдумалі, як абараніць і прымножыць каралы. І выкарысталі для гэтага канструктар лега!

Каралавыя рыфы абараняюць берагавую лінію, а яшчэ яны дом для тысяч рыб. Але праз меліярацыю і асваенне прыбярэжных раёнаў рыфы высільваюцца. Група навукоўцаў Нацыянальнага ўніверсітэта Сінгапура будуе каралавыя фермы, каб пасля выгадаваныя на іх каралы вяртаць у натуральнае асяроддзе. 

На фермах кавалачкі каралаў мацуюцца да цаглінак канструктара. Гэтыя цаглінкі аказаліся ідэальным будаўнічым матэрыялам для каралавых фермаў.

Калі вельмі хочацца ратаваць планету, падыдуць любыя падручныя матэрыялы.

Як лега ратуе каралы

Расійскае грамадзянства

Ну і галоўная навіна тыдня: Наталля Арэйра, уругвайская зорка "Дзікага анёла", і яе сын атрымалі расійскае грамадзянства. Арэйра сказала, што яна любіць Расію больш, чым Жэрар Дэпардзьё. Для французскага актора ўся гэтая эпапея з чырвоным пашпартам — пытанне меркантыльнае. У Арэйра ўсё па любові да Расіі і расійскіх гледачоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.