Вы тут

У супрацоўніцы Мінскага палаца дзяцей і моладзі пацверджаны COVID-19

Палац моладзі ў Мінску / darriuss.livejournal.com

Супрацоўнікі Мінскага палаца дзяцей і моладзі забілі трывогу: у іх калегі пацвердзілася каранавірусная інфекцыя. А яны ж хадзілі па адных і тых самых калідорах, адчынялі адны і тыя самыя дзверы, карысталіся аднымі прыбіральнямі…

Дзверы Палаца моладзі па-ранейшаму адчынены для дзяцей і іх бацькоў. Масавыя мерапрыемствы адмененыя з сярэдзіны сакавіка, калі з такой рэкамендацыяй выступіла Мінадукацыі. Але гурткі працягваюць працаваць.

"Яна захварэла, з панядзелка яна знаходзіцца ў бальніцы. Ёй тэлефанавалі некалькі дзён таму, у яе была вельмі высокая тэмпература пад 40, удушлівы кашаль. Яна сказала, што ў яе ўзялі пробу на вірус. А потым нашаму дырэктару патэлефанавалі з пятай бальніцы, сказалі, што ў яе пацвердзіўся тэст, ён станоўчы, — расказвае Еўрарадыё супрацоўніца Палаца моладзі. — Мы чакалі, што прыедуць, санапрацоўку якую-небудзь зробяць. У нас людзі палохаюцца, некаторыя бяруць адпачынак за свой кошт. А гурткі па-ранейшаму працуюць, дзеці ходзяць".

Як удалося даведацца Еўрарадыё, гаворка ідзе пра адну з супрацоўніц аддзела мастацкай творчасці.

У гэтым навучальным годзе Мінскаму палацу дзяцей і моладзі спаўняецца 55 гадоў / mgddm.by

Мы з'ездзілі ў Палац моладзі, каб паглядзець, як там справы. А там усё як звычайна. Хіба што супрацоўніца аховы ходзіць у медыцынскай масцы. У ёмістасці на сцяне ёсць санітайзер — пераканаліся асабіста.

У намесніцы дырэктара МДПДіМ Ірыны Тамашэўскай на працоўным стале таксама ляжыць медыцынская маска.

"24 сакавіка яна [супрацоўніца, якая захварэла. — Еўрарадыё] пайшла на бальнічны. Цяпер яна ў бальніцы. Ёй зрабілі тэст, і ён пацвердзіўся. Гэта адзінкавы выпадак, які ёсць на сённяшні дзень, — расказвае Ірына Уладзіміраўна. — Санстанцыя зрабіла ўсё па інструкцыі, якая ў іх ёсць. І ўсе дзеянні, якія яны прасілі зрабіць, мы зрабілі. Падалі ўсе спісы — усё, што магло выклікаць у іх якія-небудзь пытанні наконт кантактаў, наконт усяго астатняга. Далей яны займаюцца гэтым самастойна".

Закрываць Палац моладзі на каранцін ці не — вырашаюць не ў адміністрацыі навучальнай установы. Але пакуль што рашэнне пра каранцін не прынятае ні на адным адміністрацыйным узроўні.

Аб'ява на дзвярах аднаго з кабінетаў Палаца моладзі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.