У студэнтаў ЕГУ самая вялікая стыпендыя, і яны могуць карыстацца льготамі

Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў у Вільні і на ўласныя вочы пабачыў, як жывуць і вучацца студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Калі падыходзіш да Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, ствараецца ўражанне, што прыехаў у санаторый. Акуратныя будынкі, вакол хваёвы парк, на лавачках сядзіць моладзь з кніжкамі… На першым паверсе стаіць ксеракс. Трэба – карыстайся. Шыкоўны
камп’ютарны клас. Дый іншыя класы абсталяваныя адпаведна самым
крытычным патрабаванням. Студэнты з Беларусі набываюць тут веды па 9
бакалаўрскіх праграмах.

Паступіць у ЕГУ не проста. Акрамя недахопу ведаў, перашкодай можа стаць
недакладнае разуменне чалавекам, дзеля чаго ён хоча паступіць на абраны
факультэт. Такіх людзей, па словах прарэктара універсітэта Уладзіміра
Дунаева
, стараюцца “адсеяць” на самых першых этапах.

Уладзімір Дунаеў
: “Мы не імкнемся да таго, каб фармальны конкурс быў
максімальна вялікі яшчэ і таму, што гэта дастаткова складана тэхнічна.
Уступныя іспыты праходзяць у Вільні, і праблема атрымання віз
дастаткова заўважная. Таму выкарыстоўваецца шматступенчатая сістэма
адбору, і на іспыты прыязджаюць толькі самыя вартыя. Хаця той, хто
сапраўды хоча паступіць, – паступае. Хай і не з першага разу”.

Акрамя складанасцяў “унутраных” многіх палохаюць магчымыя “знешнія” –
пытанне “акліматызацыі” ў чужой краіне. І перш за ўсё гэта непакоіць
бацькоў патэнцыйных студэнтаў ЕГУ. Але, як сцвярджае студэнтка 2-га курса
факультэта міжнароднага права Насця Матчанка, гэта акурат і не
праблема. Пачынаючы з першага курса студэнты вучаць літоўскую мову.


Насця Матчанка
: “З гэтага года акрамя таго падрыхтоўчага курса па
літоўскай мове, які ў нас быў на першым курсе, на другім і на трэцім мы
можам працягваць яе вывучэнне. У выніку мы будзем бакалаўрамі з
веданнем мовы краіны знаходжання”.

Акрамя таго, беларускія студэнты ладзяць сумесныя са студэнтамі літоўскіх ВНУ вечарыны, творчыя і навуковыя дыспуты.

Студэнты атрымліваюць стыпендыю, якая, па словах прарэктара Уладзіміра
Дунаева, нават большая, чым у іх літоўскіх калег. Колькі — прафесар не
ўдакладніў. Акрамя таго, яны маюць усе льготы, якімі карыстаюцца
мясцовыя студэнты. У адрозненне ад сваіх беларускіх калег, якіх днямі
льгот пазбавілі. Студэнты маюць права на льготны праезд у транспарце, а
большасць музеяў ды іншых культурных цэнтраў увогуле наведваюць
бясплатна.

Вырашаныя і пытанні пражывання ды харчавання. Выкладчык кафедры
“Масавыя камунікацыі і журналістыка” Эдуард Мельнікаў з гонарам
расказваў, што сталоўка ў іх універсітэце самая танная ва ўсёй Вільні.
Пацвердзіў гэта і прарэктар Уладзімір Дунаеў.

Уладзімір Дунаеў
: “Мяркую, гэта немалаважная перавага гэтага
універсітэта, што студэнты могуць вельмі танна харчавацца. Што ж
тычыцца жыцця ў інтэрнаце, то адразу хачу папярэдзіць: каменданты тут
таксама ёсць, і яны падобныя да беларускіх. Таму здараюцца кафлікты.
Але мы вучым студэнтаў жыць па законах краіны знаходжання”.

Тыя, каму стыпендыі не хапае, пачынаючы з 2 курса могуць, па словах Насці Матчанкі, падпрацоўваць.


Насця Матчанка
: “Сёлета ў студэнтаў з’явілася магчымасць падпрацоўваць у вольны час – 20 гадзін на тыдзень”.


Летась у ЕГУ прынялі 40 студэнтаў, якіх па палітычных матывах выключылі
з беларускіх дзяржаўных ВНУ. Калі такія будуць сёлета, іх таксама
прымуць без іспытаў. Але ніякіх зніжак у патрабаваннях да авалодвання
ведамі не будзе, папярэджавае прарэктар.


Уладзімір Дунаеў
: “Мы ставімся да іх як і да астатніх студэнтаў.
Безумоўна, яны з’яўляюцца ахвярамі акадэмічных рэпрэсій, але ў іх тая ж
самая адказнасць за акадэмічныя поспехі, як і ва ўсіх астатніх”.

У планах ЕГУ – значнае пашырэнне. Толькі на завочныя праграмы сёлета
плануецца прыняць каля 500 чалавек. Акрамя таго, на платнае вочнае
аддзяленне пачнуць прымаць жадаючых атрымаць дыплом міжнароднага ўзору
з іншых краін. У першую чаргу, Расіі, Украіны, прыбалтыйскіх краін.

А з
такім дыпломам, сцвярджаюць у ЕГУ, ёсць рэальная магчымасць знайсці
працу ў любой краіне свету. Да прыкладу, некалькі выпускнікоў ЕГУ сёння
вучацца на аспірантуры ва універсітэтах Еля і Масачусетса. А былая
студэнтка кафедры турызму працуе ў турыстычнай фірме ў Парыжы. Ёсць
яшчэ прыклады Прагі, Будапешта, Варшавы, Хельсінкі…


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт быў створаны ў
1992 годзе ў Мінску. Але ў 2004 годзе ён быў вымушаны змяніць месца
знаходжання і вось ужо два гады “кватаруе” ў Літве. Зараз у цэнтры
Вільні, дзе размешчаны ЕГУ, часцей пачуеш беларускую мову, чым у любым
горадзе Беларусі – у 2006 годзе ўрад Літоўскай Республікі надаў ЕГУ
статус літоўскага універсітэта, дыпломы якога прызнаюцца ва ўсім
Еўрапейскім Саюзе.

На вочных і завочных бакалаўрскіх праграмах, у
магістратуры і аспірантуры, а таксама на курсах дыстанцыйнага навучання
вучыцца каля 1500 студэнтаў. Навучанне вядзецца на беларускай,
англійскай і рускай мовах. Вучаць студэнты і літоўскую мову.

У 2007/2008 навучальным годзе ЕГУ абвяшчае набор на наступныя праграмы бакалаўрскага ўзроўню:

Міжнароднае права;
Візуальны дызайн і медыя;
Візуальныя і культурныя даследаванні;
Масавыя камунікацыі і журналістыка;
Культурная спадчына і турызм;
Тэорыі і практыкі сучаснага мастацтва;
Сацыяльная і палітычная філасофія;
Паліталогія і еўрапейскія даследаванні;
Беларусістыка: гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія