У спісе неўязных — 1 млн 700 тысяч чалавек, 1,5 мільёна з іх — у расійскім спісе

У спісе неўязных — 1 млн 700 тысяч чалавек, 1,5 мільёна з іх — у расійскім спісе

1 мільён 700 тысяч чалавек уваходзяць у спіс асобаў, неўязных у Беларусь. Такую лічбу назваў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 лютага. З гэтай колькасці 1,5 мільёна чалавек былі ўнесены ў "чорны спіс" з ініцыятывы Расіі, прычым 300 тысяч з іх — украінцы, піша tut.by.

Нагадаем, што пасля стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія аб'ядналі свае спісы неўязных. Таму цяпер расійскі "чорны спіс" дзейнічае і пры перасячэнні беларускай мяжы. 

На прэс-канферэнцыі міністра папрасілі пракаментаваць затрыманне ў Мінску вядомага ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана.

"Хацелася б падыскутаваць з нагоды таго, што ён вядомы пісьменнік. Я ўкраінскую літаратуру вывучаў 17 гадоў, але такое прозвішча чую ўпершыню", — адказаў на гэта Шуневіч.

Як паведамлялася раней, украінскі пісьменнік Сяргей Жадан прыбыў у Мінск для ўдзелу ў паэтычным фэсце "Вершы на асфальце". Уначы 11 лютага яго затрымалі ў гатэлі і забралі ў пастарунак. Як выявілася, Жадан знаходзіцца ў расійскім "чорным спісе" з фармулёўкай "за дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Паэта збіраліся выслаць з Беларусі і нават паставілі ў пашпарце штамп, які забараняе ўезд у нашу краіну. Аднак пасля ўмяшання Міністэрства замежных спраў гэтую забарону адмянілі. 

Як выявілася пазней, праз мяжу ўкраінскага паэта прапусцілі, бо напісанне імя ў пашпарце адрознівалася ад напісання ў "чорным спісе". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі