Вы тут

У Салігорску ў лаўкі ўторкнулі іголкі ад шпрыцаў з крывёю. Назад у 90-я?

ФОТА: Святаслаў Кукраш 

У Салігорску ў гарадскім парку мясцовыя жыхары знайшлі ўторкнутыя ў лаўкі іголкі ад шпрыцаў са слядамі крыві. “Звярнуўся ў міліцыю, прыехаў нарад. Які далейшы лёс іголак, мне невядома”, — распавёў Еўрарадыё салігарчанін Святаслаў Кукраш, які заўважыў крывавыя іголкі.

Фотаздымкі, дзе іголкі тырчаць у лаўках уздоўж вуліцы Кастрычніцкай, абурылі жыхароў Салігорска. Людзі пачалі скардзіцца, што менавіта ў гэтым парку гуляюць з дзецьмі і бавяць вольны час. Мясцовыя згадваюць, што падобныя выпадкі адбываліся ў горадзе ў канцы 1990-х і пачатку 2000-х гадоў.

У міліцыі Еўрарадыё паведамілі, што цяпер праводзяць праверкі і шукаюць сведак.

“У паркавую зону выязджалі супрацоўнікі міліцыі, з тэрыторыі вакол лавак былі канфіскаваныя іглы, — кажа кіраўнік групы інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінскага аблвыканкама Яўген Сачак. — Цяпер праводзіцца праверка, знойдзеныя рэчы адпраўленыя на экспертызу. Да працы падключаныя супрацоўнікі па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. У апошні час такіх выпадкаў не было. На здымках відаць, што шпрыцы ў лаўкі ўстаўлены так, што хтосьці мог і ўкалоцца. Але пакуль такой інфармацыі няма”.

У міліцыі звяртаюць увагу, што, магчыма, ёсць відавочцы гэтага інцыдэнту, і просяць паведаміць інфармацыю ў Салігорскі РАУС.

У 2013 годзе з’яўляліся паведамленні, што ў кінатэатрах у Гомелі гледачам на крэслы падкладвалі іголкі. У сацыяльных сетках таксама пісалі аб пагрозе зараджэння ў грамадскім транспарце ў Магілёве ў 2017 годзе. У абодвух выпадках інфармацыя не падтвердзілася.

“ВІЧ не вельмі ўстойлівы ў знешнім асяроддзі”

На гэты раз у Салігорску пагроза рэальная. Еўрарадыё запыталася ў медыкаў, што рабіць, калі чалавек выпадкова ўкалоўся іголкай ад шпрыца ў грамадскім месцы.

“Трэба адразу звяртацца да медыкаў і здаваць аналізы, праводзіць абследаванне, — распавялі ў Цэнтральнай раённай бальніцы Салігорска. — Шмат залежыць ад таго, якая кроў была на іголцы: сухая ці не. Вірус ВІЧ-інфікаваных не вельмі ўстойлівы ў знешнім асяроддзі. Чалавеку, які ўкалоўся, самому цяжка штосьці высветліць, бо ідзе псіхалагічная траўма. Натуральна, адбываецца сустрэча з нейкай інфекцыяй. У любым выпадку, трэба абследавацца”.