У Сафіі прайшоў пікет у падтрымку царквы “Новае жыццё” і яе пастара

Юрыст царквы “Новае жыццё” Сяргей Луканін паведаміў Еўрарадыё, што 18 сакавіка каля дома пастара Вячаслава Ганчарэнкі дзяжурыў нарад міліцыянтаў з аўтаматамі, якія ніяк не патлумачылі сваёй прысутнасці. Вернікі звязваюць гэтую акцыю выключна з ціскам на царкву, які ў апошні час перасунуўся на сям’ю духоўнага кіраўніка аб’яднання Вячаслава Ганчарэнку. Спадар Луканін сказаў таксама, што праз некалькі гадзін па заканчэнні міліцэйскай варты ў Мінску ў Сафіі да амбасады Беларусі выйшлі некалькі дзесяткаў чалавек з транспарантамі “Рукі прэч ад Вячаслава Ганчарэнкі!”, “Спыніце ціск на царкву “Новае жыццё”.

Луканін: Гэта дадае ўпэўненасці і сілаў вытрымаць той ціск, які ўлады аказваюць на нашага пастара.

Нагадаем, улады загадалі Вячаславу Ганчарэнку знесці яго прыватны дом. Перад тым улады патрабавалі, каб вернікі царквы “Новае жыццё” пакінулі адаптаванае пад царкву памяшканне. Усе патрабаванні ўладаў юрыст царквы Сяргей Луканін называе незаконнымі.