У сацсетках уводзіцца цэнзура на “мову нянавісці”
![У сацсетках уводзіцца цэнзура на “мову нянавісці”](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/screen-shot-2016-05-31-at-12.13.46.png.webp?itok=rcCueGvL)
Еўракамісія і найбуйнейшыя ІТ-кампаніі пачынаюць змагацца з “мовай варожасці” (ці “хэйтспіч”) у інтэрнеце.
Facebook, Twitter, YouTube і Microsoft 31 траўня падпісалі кодэкс, які абавязвае іх прадухіляць распаўсюджанне “мовы варожасці”. Цяпер кампаніі павінныя будуць вучыць супрацоўнікаў адсочваць з'яўленне ў сацсетках выказванняў, што распальваюць нянавісць, і цягам 24 гадзін выдаляць іх.
Дзяржавы — чальцы Еўрасаюза, у сваю чаргу, будуць уводзіць нацыянальныя законы, якія мусяць абмяжоўваць ксенафобныя выразы ў сеціве. Папярэдняя ацэнка іх сумеснай працы будзе дадзеная напрыканцы 2016 года.
Даведка: Камітэт міністраў Савета Еўропы называе “мовай варожасці” ўсе формы самавыяўлення, якія ўключаюць распаўсюджванне, правакаванне, стымуляванне або апраўданне расавай нянавісці, ксенафобіі, антысемітызму або іншых відаў нянавісці на аснове нецярпімасці, у тым ліку нецярпімасць у выглядзе агрэсіўнага нацыяналізму ці этнацэнтрызму, дыскрымінацыі або варожасці ў дачыненні да меншасцяў, мігрантаў і асобаў з эмігранцкімі каранямі.
![У сацсетках уводзіцца цэнзура на “мову нянавісці”](/sites/default/files/styles/round_photo/public/paragraphs/round_photo/new-year-2012-080.jpg.webp?itok=-QRw042W)
Галоўная рэдактарка mediakritika.by Яніна Мельнікава пэўны час займаецца праблемай “мовы варожасці” ў Беларусі. Яна называе гэтую праблему надзвычай актуальнай:
“Мы ўсе бачым, што ў каментарах пад такімі складанымі тэмамі, як пра меншасцяў, пра некаторыя сацыяльныя слаі насельніцтва, пра складаныя палітычныя пытанні, мова варожасці прысутнічае”.
Але, на яе думку, такі крок ІТ-кампаніяў можа выглядаць не надта зразумелым, бо пакуль невідавочна, хто і як будзе вырашаць, што такое “мова варожасці”. Яна сустракаецца ў вельмі розных відах і можа быць мяккай, завуаляванай, і часам адчуць яе можна толькі з кантэксту. Але бываюць і сапраўды жорсткія паведамленні.
Эксперт пагаджаецца, што прамыя каментары са словамі нянавісці і агрэсіўныя заклікі трэба выдаляць, але такія крокі ўсё ж наўрад ці ачысцяць сацыяльныя сеткі ад “мовы варожасці”.
“Калі будзе татальная забарона і татальны кантроль з выдаленнем, то хутчэй за ўсё заўтра будуць прыдумляцца новыя шляхі абразіць ці націснуць на нейкі балючы мазоль”.
![У сацсетках уводзіцца цэнзура на “мову нянавісці”](/sites/default/files/paragraphs/image/different2-202.jpg)
Па словах Яніны Мельнікавай, нашмат больш эфектыўна з мовай варожасці дапамагае змагацца развіццё медыяпісьменнасці і сеткавага этыкету, прычым як сярод моладзі, так і сярод дарослых. Калі людзі будуць разумець, як працуюць медыя і сацыяльныя сеткі, як яны ўплываюць на жыццё, гэта дапаможа прасцей змагацца з “мовай варожасці”.
Рэдактарка падкрэслівае, што змест каментароў і допісаў у сацыяльных сетках хутка мігруе афлайн і на вуліцы. Хэйтспіч пачынае ўплываць на стасункі ў супольнасці, сям’і. Часам вялікая колькасць каментароў са словамі нянавісці можа ўспрымацца як грамадскае меркаванне, і, прачытаўшы іх сёння, назаўтра людзі пяройдуць да агрэсіўных дзеянняў. “Мова нянавісці” пачынаецца са спрэчак і жартаў, з таго, што людзі хочуць называць свабодай слова, але паміж свабодай слова і выказваннем такіх экстрэмальных думак ёсць вялікая розніца, і яе трэба адчуваць.
Ці пачнуць такія правілы дзейнічаць у Беларусі, пакуль невядома. Але Яніна Мельнікава звяртае ўвагу на тое, што ў нашым Крымінальным кодэксе ёсць артыкулы аб паклёпе, аб знявазе гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Яны таксама могуць быць выкарыстаныя ў барацьбе супраць мовы варожасці.