У Расіі за каментары ў сацсетках затрымалі аршанца, яму пагражае дэпартацыя

28 траўня ў Санкт-Пецярбургу затрымалі беларуса з Оршы Андрэя Рускіх. Як паведамляюць праваабаронцы, 43-гадовы мужчына быў у вышуку за каментары ў сацсетках. 

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА №5 Санкт-Пецярбурга. Яго могуць экстрадзіраваць у Беларусь.

Калега Андрэя расказаў журналістам, што паліцыя затрымала таго проста з цягніка перад іх сустрэчай. Рускіх змог затэлефанаваць яму і сказаць, што затрымалі яго па крымінальнай справе, пачатай у Беларусі, "за каментар пра тое, што адбываецца ў краіне".

Андрэй Рускіх — псіхолаг-сексолаг, псіхатэрапеўт, трэнэр у сферы трывожных-фабічных і сексуальных разладаў, якія маюць псіхалагічную аснову. Ён аўтар некалькіх кніг па практычнай псіхалогіі. Таксама ён вядзе сайт і старонкі ў сацсетках, дзе дае парады па псіхалагічных праблемах.

Гэта не першы выпадак, калі ў Расіі затрымліваюць палітычных апанентаў беларускай улады. Адзін з самых вядомых выпадкаў — кікбаксёр Аляксей Кудзін, якому пасля экстрадыцыі прысудзілі 2,5 года калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.