У Польшчы 17 верасня стартуюць дэманстрацыйныя вучэнні "Восеньскі агонь"

Польскія вайскоўцы / flickr.com

Польскія вайскоўцы / flickr.com

У дзень, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі будзе адзначаць Дзень народнага адзінства, у Польшчы стартуюць ваенныя вучэнні "Восеньскі агонь".

"17 верасня арганізуем вучэнне "Восеньскі агонь" — гэта дэманстрацыя гатоўнасці польскага войска да абароны нашай краіны", — заявіў міністр абароны Марыюш Блашчак. Яго словы прыводзіць Reform.by.

Блашчак адзначыў, што вучэнні будуць дэманстрацыйнымі і адкрытымі для ўсіх ахвотных. Назіральнікам на палігоне вылучаць аддзелены сектар. Каб паназіраць за вучэннямі, трэба будзе зарэгістравацца на сайце міністэрства. Блашчак таксама расказаў, што ў вучэннях будуць задзейнічаныя самыя сучасныя ўзоры ўзбраенняў. "Як на парадзе, толькі на парадзе мы назіралі праход падраздзяленняў польскага войска, а тут можна будзе ўбачыць іх у дзеянні", — дадаў Блашчак. Ён таксама падкрэсліў, што дата пачатку вучэнняў "17 верасня — гэта не выпадковая дата".

Нагадаем, у гэты дзень у 1939 годзе Чырвоная армія пачала так званы "вызваленчы" паход. Гэтай аперацыі папярэднічала заключэнне дамовы аб ненападзе паміж фашысцкай Германіяй і СССР. Да дакумента прыкладаўся сакрэтны пратакол, у якім бакі размежавалі сферы ўплыву, у тым ліку падзялілі паміж сабой Польшчу. 1 верасня ў Польшчу ўварваліся гітлераўскія войскі, а 17 верасня — савецкія. У выніку паходу 1939 года Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі ўключаныя ў склад СССР. Беларусь, падзеленая па ўмовах Рыжскага міру, аб'ядналася, але аказалася ў складзе СССР.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі