Вы тут

У Полацку “Табакерку” побач з крамай паставілі на месцы для інвалідаў

Фота: vk.com/polotsk / "Табакерка" каля крамы

У Полацку “Табакерку” паставілі побач з новым супермаркетам Green на парковачным месцы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мясцовыя жыхары сфатаграфавалі, як рабочыя збівалі дарожную разметку каля тытунёвага кіёска. 

“Малайцы! Цяпер асобам з абмежаванымі магчымасцямі будзе прасцей купляць курыва. Яшчэ засталося выказаць клопат пра дзяцей і зрабіць акенца ніжэй”, — абураюцца жыхары Полацка.

Супрацоўнікі супермаркета расказалі Еўрарадыё, што, хоць тытунёвы кіёск паставілі літаральна днямі, людзі ўжо пачалі пісаць на яго скаргі:

“Прыгожы, новенькі стаіць кіёск на парковачным месцы. Пакуль зачынены. Але ў інтэрнэце ўжо скарга з’явілася. Людзі скардзяцца”.

Кіраўніцтва супермаркета кажа, што не мае дачынення да тытунёвага кіёска. Green проста здымае памяшканне ў гандлёвым доме “Стралец”.“Мы ніякага дачынення да парковачных месцаў і размяшчэння “Табакеркі” не маем. Звяртайцеся да кіраўніцтва “Стральца”, — адказалі Еўрарадыё ў дырэкцыі Green.

“Для інвалідаў нічога не змянілася”

Гандлёвы дом “Стралец” у Полацку і навакольная тэрыторыя належыць прадпрымальніку Мікіту Захараву. У размове з Еўрарадыё полацкі бізнесмен расказаў, што колькасць парковачных месцаў для інвалідаў не змянілася. 

“Мы адно месца прыбралі, другое дадалі, няма ніякіх праблем, — сказаў Еўрарадыё Мікіта Захараў. — Мы нічога не змянілі для тых, хто непакоіцца. Чатары месцы было, чатыры і засталося. Няхай абураюцца з тых, хто жыве побач, кідае машыны на месцах для інвалідаў і ідзе дамоў. Няхай іх здымаюць і дасылаюць фота ў ДАІ”.

Усталяваннем тытунёвых кіёскаў “Табакерка” займаецца  кампанія “Энерга-Оіл”, якая належыць буйному бізнесмену Аляксею Алексіну. Нягледзячы на афіцыйную прапаганду ў Беларусі здаровага ладу жыцця, “Табакеркі” ўсё часцей з’яўляюцца ў гарадах краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.