У Пастаўскім раёне не хапае вакцыны для прышчэпак маленькім дзеткам

Бацькі хвалююцца, бо ўжо праходзяць тэрміны вакцынацыі. “Прышчэпкі выдзяляюць не рэгулярна і мала, і ўсе тэрміны праходзяць, — распавядае жыхар Лынтупаў Уладзімір. — Дзеткам, якія ў тры месяцы павінны быць уколатыя, ужо і па пяць, і па шэсць, а яны не прышчэпленыя. Дзеці да года і звыш года таксама не атрымалі вакцыну. Наогул, у бальніцы нават не агучваюць, колькі дзяцей не прышчэплена пасля года”.

Галоўны ўрач Пастаўскай бальніцы Уладзімір Чакaвы тлумачыць адсутнасць прышчэпак тым, што сама раённая лякарня вакцыну не закупляе, гэта робіцца на абласным узроўні. Матэрыял для вакцыны паступае з-за мяжы, таму некаторы час займае кантроль яе якасці.

“Прышчэпкі для дзяцей, КДС-прышчэпкі — гэта праблема, якая вырашаецца на ўзроўні вобласці і краіны, тэрміны яшчэ не выйшлі, — тлумачыць Уладзімір Чакавы. — Сам працэс паступлення вакцыны прадугледжвае кантроль якасці, пакуль вакцыны знаходзяцца на кантролі якасці. Яны павінны паступіць ужо на наступным тыдні”.

Пры гэтым Уладзімір Чакавы адзначае, што яго як урача радуе, што бацькі хвалююцца за здароўе сваіх дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі