Вы тут

У ПАСЕ на дэбатах па Беларусі гаварылі пра "канцлагер у цэнтры Еўропы"

На пасяджэнні, прысвечаным сітуацыі ў Беларусі / Скрыншот з відэа

23 чэрвеня ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы прайшлі дэбаты, прысвечаныя сітуацыі ў Беларусі. На пасяджэнні абмяркоўвалі апошнія рашэнні і дзеянні афіцыйнага Мінска. Прагучала шмат крытыкі на адрас уладаў Беларусі. Між іншым, гаварылі, што наша краіна "ператварылася ў канцлагер у цэнтры Еўропы", што Аляксандр Лукашэнка насамрэч не выйграў прэзідэнцкія выбары, што апазіцыя мусіць быць у парламенце, а не ў турме. Было заяўлена, што нелегальныя мігранты на мяжы з Літвой — пагроза для ўсёй Шэнгенскай зоны, а пасадка самалёта Ryanair у Мінску — "дзяржаўнае пірацтва". У ПАСЕ прагучала патрабаванне вызваліць усіх палітвязняў.

Толькі адзін з больш за дзясятак спікераў на сённяшніх дэбатах вырашыў абараняць улады Беларусі і апраўдваць іх дзеянні. Гэта быў прадстаўнік Расіі Сяргей Кісляк. Ён заявіў, што "ўсе абвінавачанні пабудаваныя ці на скажэнні, ці на поўнай адсутнасці тлумачэнняў таго, што і як насамрэч адбываецца ў Беларусі". Кісляк крытычна ацаніў дзеянні беларускай апазіцыі, якая, на яго думку, "гастралюе па Еўропе, звонку разгойдвае палітычную сітуацыю ў краіне". Яго абурыла, што "сітуацыя з пасадкай самалёта Ryanair яшчэ не расследаваная, але санкцыі ўжо ўводзяцца".

Таксама стрыманую пазіцыю заняў спікер ад Азербайджана Самед Сеідаў. Ён заклікаў дэлегатаў ПАСЕ аднавіць дыялог з Беларуссю і ўвогуле паехаць у нашу краіну з афіцыйным візітам.

Па выніках дэбатаў ніякіх рэзалюцый не прымалася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.