У нядзелю -5

З суботы ў Беларусі зноў чакаецца пахаладанне. Прычынай гэтага спецыялісты-метэаролагі называюць паветраныя плыні, што ідуць ажно ад Паўночнага полюса.
Цыклон, што рухаецца з поўначы Скандынаўскага паўвострава, цягне за сабой халоднае паветра. Як гэта адаб’ецца на надвор’і, тлумачыць галоўны сіноптым Гідраметэацэнтра Рэспублікі Беларусь Вольга Фядотава:

“Асабліва тэмпература панізіцца ў ноч на нядзелю да -3…+3 градусаў, па Віцебскай вобласці да -5. Дзённая тэмпература не перавысіць +6…+12, і толькі па паўднёвым усходзе — да 15 градусаў цяпла. Халоднае надвор’е захаваецца да 30 красавіка і 1 траўня.

Чакаецца дождж і нават мокры снег. Дзённая тэмпература апусціцца ажно да +2…+8 градусаў. 2 і 3 траўня будзе яшчэ даволі халодна. Так, толькі бліжэй да канца дэкады стане адчувальна цяплей”.


Гэта ўжо не першыя вясновыя халады. Аднак тыя, што мінулі, не нанеслі шкоды сельскагаспадарчым пасевам. Пра гэта кажа начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі Рыгор Раманюк:

“Не было моцных перападаў тэмпературы. Шкоду раслінам маглі прынесці менавіта яны. У нас жа вясна была халодная, і тэмпература трымалася. Нават кароткачасовы снег, які быў, наадварот дзейнічаў станоўча, бо не хапала вільгаці.”

Вясна сёлета ступае па зямлі павольна. А каб паназіраць за гэтым, вы можаце наведаць Батанічны сад, што пачынае свой сезон акурат 1 траўня. Там вы можаце паглядзець за кветкамі, што толькі пачынаюць красаваць, і за тымі, што ўжо квітнеюць. Што гэта за кветкі, распавядае навуковы сакратар Батанічнага саду Міхаіл Мотыль:

“Цюльпаны, нарцысы, крокусы, хмызнякі, што прыгожа красуюць, — такія, як міндаль, вягела. А таксама нашыя прымулы”.

Такім чынам, пакуль надвор’е лічыцца нармальным. Яшчэ нашыя продкі зафіксавалі травеньскія пахаладанні ў прыказках і народных прыкметах. Фалькларыст Таццяна Валодзіна прыгадвае такія назіранні за прыродай.

“Па ўсёй тэрыторыі Беларусі чуецца такая напаўжартоўная прыказка: “Май — каню сена дай, а сам на печы цякай”. Ці яшчэ такая прыказка: “Май зямлю грэе, а сам сіверам вее”.

Але холад радаваў беларусаў, бо як май халодны — не будзеш галодны. Ад траўня таксама чакалі даджоў, такіх неабходных у земляробчай справе. “Май даждлівы — год урадлівы”, — казалі раней. Нааадварот, як травень выдаваўся сухім — зазначалі: “Як у маі суха, то падвязвай бруха.”

Але да траўня яшчэ засталося колькі дзён. Не губляйце іх і выбірайцеся на вечаровыя вандроўкі і сачыце за небам. Калі ноч перад траўнем будзе зорнай, то лета абяцае быць з бурамі, але вельмі цёплым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі