Вы тут

У Новай Баравой затрымалі мужчын, якія запенілі машыну жонкі міліцыянта

Пяцёра мінчукоў сапсавалі машыну жонцы міліцыянта / кадр з відэа

У Новай Баравой пад Мінскам пяцёра мужчын пашкодзілі машыну жонкі міліцыянта. Здарэнне адбылося ўначы 29 верасня, паведамляе прэс-служба МУС. Пяцярых мінчукоў ва ўзросце ад 28 да 39 гадоў затрымлівалі аператыўнікі ГУБАЗіК МУС пры падтрымцы байцоў спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (СОБР).

Паведамляецца, што мужчыны пракалолі шыны ў аўто, запенілі мантажнай пенай дзверы, залілі фарбай кузаў. У тлумачэнні на міліцэйскім роліку адзін з іх кажа, што яны даведаліся, што аўтамабіль належыць міліцыянту, які вызначыўся сваёй жорсткасцю.

Раней да крымінальнай адказнасці затрыманыя не прыцягваліся. Адзін з іх беспрацоўны, астатнія — два развозчыкі піцы, трэнер па каратэ і супрацоўнік метро.

На відэа, якое апублікавала БЕЛТА ў сваім Telegram-канале бачна, што мужчын затрымлівалі са стралянінай. На іншым відэа бачна, як чалавек з акрываўленай галавой кажа, што памыліўся ў палітычных поглядах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.