У нас у кінатэатры — кандыцыянер і нельга есці, таму — 10 долараў за білет

Еўрарадыё заўважыла, што кошт білетаў у віп-зону кінатэатраў “Цэнтральны” і “Салют” на вячэрнія сеансы ў будні — 80-90 тысяч рублёў! Для параўнання: білет на такі ж фільм у адзін дзень і час у адным з самых дарагіх кінатэатраў сталіцы — “Беларусь” — каштуе толькі 50 тысяч рублёў. 
 
Па тлумачэнні тэлефаную ў “Салют”. 
 
“Калі вы хочаце танней фільм паглядзець — ідзіце на дзённы сеанс, а віп-зона ў нас самая лепшая ў Мінску”, — у кінатэатры “Салют” на тое, што я лічу чужыя грошы, неяк крыўдуюць. Для даведкі: віп-залы ёсць толькі ў… трох кінатэатрах Мінска. 
 
У “Кастрычніку” працэс фарміравання коштаў тлумачаць падрабязна. 
 
“Час сеансу, 2D ці 3D, выхадны ці будні дзень, працягласць фільма, дэманструецца фільм на плёнцы ці ўжо ў лічбе, а таксама ўзровень камфортнасці залы. Усе тарыфы зацвярджае Кінавідэапракат. Для кожнага кінатэатра кошт розны — раней, да пераходу на лічбу, 1,5 года назад усе кінатэатры працавалі па адных коштах, а зараз для кожнага кінатэатра розныя”, — кажа намеснік дырэктара кінатэатра “Кастрычнік” Алена Мікалаеўна. Яна заўважае, што ад 4 ліпеня некаторыя кінатэатры падымалі кошты на білеты, але толькі ў тым выпадку, калі праводзіліся нейкія ўдасканальванні.
 
“Мы ніякія ўдасканальванні не праводзілі, мы ўжо ўдасканаліліся, таму кошты не падымалі. Да таго ж у нас фармат 2D, таму кошты ў нас 20-30 тысяч. Мы іх не падымалі. Мы нават не выдзялялі ў нашай зале віп-зону, бо вельмі вялікі кінатэатр і ў нас з любой кропкі залы добра бачна. Прыходзьце”, — карыстаючыся момантам, запрашаюць у кінатэатры.
 
А вось што такое камфортнасць залы і ўвогуле, чаму такія дарагія білеты, тлумачаць у “Цэнтральным”. 
 
“У нас ёсць кандыцыянер, у нас у зале не ядуць. Ад многіх фактараў залежыць кошт на білет. Працягласць фільма, паркоўка, Wi-Fi, размяшчэнне кінатэатра і нават наяўнасць бара! У “Піянеры” вось бара няма, але кінатэатр размяшчаецца каля метро”, — тлумачаць у “Цэнтральным” высокія кошты на фільм.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі