4 жніўня часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў МЗС Польшчы. Яму будзе выказаны рашучы пратэст з патрабаваннем неадкладнага вызвалення журналісткі Ірыны Слаўнікавай і іншых незаконна пазбаўленых волі людзей, у тым ліку палітвязня Анджэя Пачобута. Пра гэта паведаміў віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач. Паводле яго слоў, Польшча зробіць пэўныя дзеянні на міжнародным узроўні дзеля вызвалення палітвязняў у Беларусі.
Слаўнікава — супрацоўніца польскага тэлеканала TVP і "Белсат", палітзняволеная. На закрытым судзе 3 жніўня ў Гомелі ёй прысудзілі 5 гадоў калоніі. Польшча прыме меры ў адказ на гэты прысуд, напярэдадні паабяцаў польскі прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі.
Пачобут — адзін з лідэраў непрызнанага ўладамі Беларусі Саюза палякаў, журналіст. Ён знаходзіцца ў зняволенні ўжо 16 месяцаў па абвінавачванні ў "распальванні нацыянальнай варожасці".