У МУС сцвярджаюць, што затрымалі мужчыну, які ў Мінску разукамплектаваў вадамёт

У МУС сцвярджаюць, што затрымалі мужчыну, які ў Мінску разукамплектаваў вадамёт

У МУС сцвярджаюць, што затрымалі мужчыну, які 4 кастрычніка ў Мінску разукамплектаваў вадамёт. Па іх версіі, гэта 27-гадовы жыхар Столінскага раёна. Аднак, як піша "Наша ніва",  Мікіта Ігнацюк проста зрабіў фота з гідрантам, які нехта выцягнуў з вадамёта. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

У паведамленні МУС сцвярджаецца, што пяць удзельнікаў акцыі пратэсту, якая прайшла ў Мінску ў нядзелю, падазраюцца "ў грубым парушэнні грамадскага парадку". Устанаўленнем іх асобаў займаліся супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Затрыманым ад 21 да 30 гадоў. Па версіі міліцыі, яны "каардынавалі натоўп, а таксама ўдзельнічалі ў счэпцы і блакаванні дарожнага руху".

26-гадовы мінчук "закідаў спецтэхніку камянямі". Два 21-гадовых хлопца з Нясвіжа і Магілёва падазраюцца ў тым, што заклеілі аб'ектыў камеры вонкавага назірання на Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (туды 4 кастрычніка падыходзілі пратэстоўцы). Міліцыя шукае яшчэ аднаго ўдзельніка.

У дачыненні ўсіх пяці затрыманых склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, яны застаюцца за кратамі. Далей ім можа пагражаць крымінальная адказнасць. МУС ужо заяўляе, што некаторыя з мужчын у жніўні былі "актыўнымі ўдзельнікамі... масавых беспарадкаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі