Вы тут

У МУС адмаўляюцца разглядаць зварот аб збіцці журналіста Дабравольскага

Міністэрства ўнутраных справаў адказала на зварот журналісткі Дар’і Гуштын аб грубым парушэнні заканадаўства супрацоўнікамі міліцыі пры затрыманні карэспандэнта партала TUT.by Паўла Дабравольскага. Як пазначана ў афіцыйным адказе ведамства, зварот пакінуты без разгляду, бо “падлягае вырашэнню ў парадку крымінальна-працэсуальнага заканадаўства”.

У МУС таксама адзначылі, што запыт наконт парушэння міліцыянтамі ўмоваў і межаў прымянення фізічнай сілы і чыненне перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналіста адносіцца да выключнай кампетэнцыі органаў папярэдняга следства.

“У сувязі з гэтым інфармую, што ў дадзены момант упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па г. Мінску па выкладзеных у звароце абставінах праводзяцца праверачныя мерапрыемствы, па выніках якіх будзе дадзеная прававая ацэнка дзеянням удзельнікаў апісаных Вамі падзеяў”, — пазначала ў адказе за подпісам часовага выканаўцы абавязкаў начальніка галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі П.А.Гур’янава.

Нагадаем, што 25 студзеня журналіст Павел Дабравольскі быў збіты ў калідоры суда Фрунзенскага раёна Мінска. Там ён спрабаваў зняць затрыманне актывістаў, якія пратэставалі супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі. Міліцыянты збілі і актывістаў, і журналіста. На Дабравольскага склалі два пратаколы: за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы. Суд прызначыў яму штраф у 9,45 млн рублёў (45 базавых велічыняў).