У Мінску знялі гендырэктара кампаніі "Пінскдрэў", у Пінску абвяргаюць

Інфармацыю пра тое, што Ларан Арыніч больш не з’яўляецца генеральным дырэктарам “Холдынгавай кампаніі “Пінскдрэў” у самім холдынгу назвалі не адпавядаючай рэчаіснасці. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё заявіў кіраўнік дэпартамента па абслугоўванні кліентаў і сувязям са СМІ Дзмітрый Яковіч.

Яковіч: “Дэ-юрэ генеральны дырэктар — Ларан Сцяпанавіч Арыніч. Як ён быў ім і да гэтага. Выконваў яго абавязкі на момант, калі ён падаў заяву аб адстаўцы да моманту адклікання заявы аб адстаўцы (снежань 2010 года — ЕРБ) Гінэль Ян Станіслававіч — дырэктар Камбіната мягкай мэблі, які таксама ўваходзіць у “Холдынгавую кампанію “Пінскдрэў”. З моманту рашэння Ларана Сцяпанавіча адклікаць сваю заяву і да сённяшняга дня ён з’яўляецца генеральным дырэктарам усяго холдынга. Ніхто яго не здымаў, Савет акцыянераў не збіраўся, не зацвярджалі і не падтрымлівалі яго адстаўку. Таму на сённяшні дзень юрыдычна ён з’яўляецца генеральным дырэктарам”.

Паццвердзіў гэтыя словы і дырэктар па кадрах “Холдынгавай кампаніі “Пінскдрэў”, старшыня Назіральнага савета Міхаіл Галавешкін.

Што тычыцца інфармацыі пра тое, што на месца Ларана Арыніча быў прызначаны Аляксандр Суднік, то суразмоўцы Еўрарадыё назвалі гэта выдумкамі. І нагадалі, што “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў” — прыватная ўласнасць. І прызначаць альбо здымаць генеральнага дырэктара можа толькі Савет акцыянераў, а не "нейкія чыноўнікі з міністэрства".

Нагадаем, сёння ў СМІ з'явілася інфармацыя, што рашэнне пра адстаўку Ларана Арыніча прыняў канцэрн "Беллесбумпром". БЕЛТА паведамляе, што канцэрн кіраваўся ўказам кіраўніка Беларусі.



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі