Вы тут

У Мінску заявілі, што Украіна пачала супраць Беларусі "газабетонную" вайну

Беларускія вытворцы разам займаюць каля 11% украінскага рынку.

Украіна пачала супраць Беларусі "газабетонную" вайну. Як чакаецца, у бліжэйшы час украінцы могуць закрыць рынак для беларускіх кампаній-вытворцаў газабетону. У іх адносінах праводзіцца антыдэмпінгавае расследаванне, якое было ініцыяванае дзвюма ўкраінскімі кампаніямі з Кіеўскай вобласці ("Арыентыр-Будэлемент" і "Аэрок"), якія займаюць больш за 55% рынку і мараць пра выцясненне з яго беларускіх канкурэнтаў. Увядзенне для беларускай прадукцыі чарговых пошлін (як раней было з цэментам) можа закрануць чатырох вытворцаў: дзяржаўныя "Беларускую цэментную кампанію" і "Гомельбудматэрыялы", прыватныя SLS Group и "Магілёўскі КСІ". Яны разам займаюць каля 11% украінскага рынку.

Беларусаў абвінавацілі ў тым, што іх газабетонныя блокі маглі ўплываць на цэны ўкраінскіх вытворцаў і на пагаршэнне іх гаспадарчага становішча. І ў будучыні страты толькі могуць павялічыцца. Цікава, што кошт газабетонных блокаў з Беларусі мала адрозніваецца ад аналагічнай украінскай прадукцыі. Да таго ж пастаўкі ідуць пераважна ў памежныя з нашай краінай вобласці і на Львоўшчыну, куды з-пад Кіева вазіць блокі далёка. Вырабляюць іх беларусы з украінскага цэменту, перавозяць у асноўным ва ўкраінскіх вагонах.

У канцы 2018-га ва Украіне ўжо скардзіліся на беларускіх вытворцаў газабетонных блокаў, але створаная камісія не знайшла падстаў для расследавання. Аднак вясной 2019-га ўсё змянілася і расследаванне пачалося.

Атрымліваецца, што калі Украіна закрые рынак для беларускіх кампаній-вытворцаў газабетону, гэта будзе азначаць зрыў аднаго з кантрактаў, падпісаных на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага. У ім гаворка ішла якраз пра пастаўку беларускіх газабетонных блокаў.

У Мінску лічаць, што "змена ўлады ва Украіне [у 2019 годзе] была ўспрынята шэрагам кампаній і валодаючых імі алігархаў як патэнцыйная магчымасць адкусіць "кавалак пірага патлусцей"". А гэта сітуацыя негатыўна ўплывае на добрасуседскія адносіны Беларусі і Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.