Дзмітрыя Галко арыштавалі на 10 сутак, Аляксандра Ярашэвіча — на 12

Суддзя Таццяна Мотыль асудзіла Аляксандра Ярашэвіча на 12 сутак арышту.

***

Дзмітрыя Галко арыштавалі на 10 сутак. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаванні міліцыі і дробным хуліганстве.

У судзе над Ярашэвічам абвешчаны перапынак для вынясення прысуду. Падчас разгляду справы выступілі тыя ж сведкі-амапаўцы Гарошка і Жарскі, адзначае Радыё "Свабода". Але супярэчнасцяў у сведчаннях было меней, чым падчас працэсу над Галко. Таксама ў судзе высветлілася, што адзін пратакол быў складзены ўвечары 6 траўня, а другі склалі 7-га і пры гэтым улічылі ўсе хібы, якія высветліліся пры разглядзе справы Галко.

***

Абодвух журналістаў абараняе адзін адвакат Аляксандр Галіеў. Аднак іх судзяць розныя суддзі. Працэс Змітра Галко вядзе Яўген Хаткевіч, а Аляксандра Ярашэвіча судзіць Таццяна Мотыль. Паколькі першым пачалі судзіць Галко, то суддзя Мотыль пагадзілася адкласці працэс над Ярашэвічам да заканчэння першага суда.

Як паведамляе Радыё "Свабода", Галко на працэсе паведаміў, што іх без тлумачэння прычынаў затрымалі каля станцыі метро "Міхалова". Журналіст заявіў, што ў пастарунку міліцыі на яго не складалі пратакол затрымання, а толькі перапісалі рэчы. Між тым міліцыянт Дзмітрый Новік заявіў у судзе, што такі пратакол ёсць, а Галко нібыта адмовіўся яго падпісваць.

Адвакат Галіеў звярнуў увагу на тое, што рапарты аб затрыманні, напісаныя міліцыянтамі Жарскім і Гарошкам, супадаюць да апошняга слова. Новік ня змог патлумачыць, чаму так.

Дарэчы, міліцыянты ў судзе адмовіліся даць Галко вады і ежы. Ён заявіў, што нічога не еў ад учора.

***


Як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў, вядома, што ўчора журналісты вярталіся з Акрэсціна, дзе сустракалі вызваленых пасля адбыцця адміністрацыйнага арышту ўдзельнікаў "Чарнобыльскага шляху". Калі яны падыходзілі да станцыі метро, побач спыніўся спецназаўскі мікрааўтобус, куды і запіхнулі Галко і Ярашэвіча.


Нагадаем, што Аляксандра Ярашэвіча затрымлівалі пасля "Чарнобыльскага шляху", які прайшоў у сталіцы 26 красавіка. Трое сутак журналіст правёў за кратамі.

Фота — nn.by, svaboda.org
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі